Лукашэнка зноў выказаўся пра справу Коржыча: Ніколі не было такой плямы на арміі

Лукашэнка зноў выказаўся пра справу Коржыча: Ніколі не было такой плямы на арміі

20 лістапада Аляксандр Лукашэнка зноў выказаўся пра справу салдата тэрміновай службы Аляксандра Коржыча, які восенню 2017-га загінуў у 72-м гвардзейскім аб’яднаным вучэбным цэнтры падрыхтоўкі прапаршчыкаў і малодшых спецыялістаў Узброеных сіл у Печах пад Барысавам. Адбылося гэта падчас прызначэння новага начальніка цэнтра. Ім стаў палкоўнік Уладзіслаў Будзік (на здымку — крайні злева), які дагэтуль быў начальнікам упраўлення службы войск Узброеных сіл Беларусі.

“Тое, што адбылося ў вашай частцы, — гэта катастрофа, — цытуе словы Лукашэнкі БЕЛТА. — Я не перабольшваю. Усялякае ў арміі бывае, але ў беларускай арміі гэта катастрофа, таму што мы заўсёды ганарыліся, што ў нас адсутнічае дзедаўшчына… Нам бацькі аддаюць самае дарагое, што ў іх ёсць. А атрымліваюць што?”. Кіраўнік дзяржавы падкрэслівае, што дзедаўшчына ў войску непрымальная.

Аляксандр Лукашэнка прывёў у прыклад МУС (на нарадзе прысутнічаў міністр унутраных спраў Ігар Шуневіч), у структуры якога выпадкі дзедаўшчыны не адзначаюцца. “Там па-чалавечы адносяцца да хлопцаў”, — сказаў кіраўнік дзяржавы і параіў не баяцца, “каб лішні раз бацькі прыехалі” да сыноў, нават калі яны знаходзяцца ў “вучэбцы”.

Лукашэнка прыгадаў практыку, што калі ў сям’і адзіны сын, то яго не прызывалі ў войска, і прапанаваў яе прааналізаваць. Пры гэтым адзначыў, што многія бацькі будуць з задавальненнем адпраўляць сваіх дзяцей праходзіць “добрую школу жыцця”. Нагадаў, што яго сыны служылі ва Узброеных сілах.

Кіраўнік дзяржавы крытыкаваў міністра абароны Андрэя Раўкова. “Я спадзяваўся, што вы з гэтымі пытаннямі справіцеся, а вы іх не бачыце пад бокам, у Барысаве, — кажа Аляксандр Лукашэнка. — Гэта катэгарычна непрымальна. Ніколі не было такой плямы на арміі, як у сувязі з гэтым”.

Таксама Лукашэнка заявіў, што загадаў праваахоўнікам дапускаць да следчых дзеянняў па справе маці Коржыча. Ён нагадаў, што раней даваў даручэнне генпракурору Аляксандру Канюку і старшыні КДБ Валерыю Вакульчыку сустрэцца са Святланай Коржыч. Пра тое, што Канюк ездзіў да яе, было вядома і раней.

Аляксандр Лукашэнка заявіў, што падобныя здарэнні ў арміі больш не павінны паўтарацца. Ён выказаў спадзяванне, што Уладзіслаў Будзік навядзе парадак у Печах. Лукашэнка збіраецца наведаць гэты вучэбны цэнтр.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі