Лукашэнка: Я даўно прыняў рашэнне аб удзеле Беларусі ў "спецаперацыі"

Аляксандр Лукашэнка на Кургане славы, Мінск, 3 ліпеня 2020 года / БЕЛТА
Аляксандр Лукашэнка на Кургане славы, Мінск, 3 ліпеня 2020 года / БЕЛТА

Аляксандр Лукашэнка прызнаўся, што даўно прыняў рашэнне аб удзеле Беларусі ў "спецаперацыі". Аб гэтым ён заявіў падчас выступу 3 ліпеня, прымеркаваным да Дня незалежнасці.

Паводле яго, Беларусь заўсёды будзе падтрымліваць Расію, якая нібыта змагаецца супраць нацызму.

"Нас сёння папракаюць у тым, што мы — адзіная краіна ў свеце падтрымліваем Расію. У яе барацьбе супраць нацызму. За тое, што яна выставіла бар'ер супраць здзеку над расіянамі і рускім чалавекам. Мы падтрымлівалі і будзем падтрымліваць Расію".

У сваім спітчы Лукашэнка распавёў таксама аб "найцяснейшым" саюзе з Расіяй, з якой у Беларусі, як апынулася, адзіная армія.

"З дзяржавай, з якой мы будуем адзіную, магутную, незалежную дзяржаву — Саюзную дзяржаву. Дзе ў саюзе два незалежныя народы. І што, яны не ведалі, што ў нас створана ўжо даўно ў саюзе Беларусі і Расіі адзіная групоўка ўзброеных сіл? Фактычна адзіная армія. Вы ж гэта ўсё ведалі, дык чаму нас сёння папракаеце? Мы былі і будзем разам з брацкай Расіяй. Наш удзел у "спецаперацыі" мною вызначаны даўно", — заявіў беларускі кіраўнік.

Па яго словах, Беларусь нікому не дазволіць "страляць у спіну рускага чалавека". Нібыта таму беларускае войска заняло "абарону ад Брэсцкай крэпасці па паўднёвай мяжы, каб не дапусціць гэтага ўдару ў спіну з боку натаўскіх войскаў".

Палітолаг Павел Усаў звяртае ўвагу на словы Лукашэнкі аб "фактычна адзінай арміі". На думку палітолага, гэта "завяршальны працэс інкарпарацыі з відавочнымі наступствамі для беларусаў".

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі