Лукашэнка: "Той, хто заслугоўвае па мазгаўні або па пысе, — павінен атрымаць"

Лукашэнка: "Той, хто заслугоўвае па мазгаўні або па пысе, — павінен атрымаць"

Прызначаючы Юрыя Караева міністрам унутраных спраў, Аляксандр Лукашэнка абазначыў прынцыпы яго працы: быць у меру жорсткім і паважаць людзей, інфармуе БЕЛТА. 

"Той, хто заслугоўвае, каб яго падтрымалі і нават п'янага дадому адвезлі — так трэба і зрабіць. Той, хто заслугоўвае па мазгаўні або па пысе, — павінен атрымаць. Усё павінна быць сумленна і справядліва", — выказаў сваё бачанне міліцэйскай працы кіраўнік дзяржавы.

Ён паведаміў, што рашэнне аб прызначэнні Караева на міністэрскую пасаду прымаў на безальтэрнатыўнай аснове. 

Таксама Лукашэнка параіў міністру быць бліжэй да людзей, згадаўшы нядаўні інцыдэнт з цыганамі ў Магілёве. 

Пасля гібелі лейтэнанта ДАІ Яўгена Патаповіча яго забойцаў шукалі сярод цыганоў. Міліцыя правяла масавыя затрыманні, пры гэтым цыганоў, паводле некаторых звестак, збівалі. Пазней Следчы камітэт заявіў, што асноўная версія гібелі міліцыянта — суіцыд. Папярэдні кіраўнік МУС Ігар Шуневіч адмовіўся прыносіць цыганам свае прабачэнні. Затое прабачэнні ад імя Лукашэнкі ім прынесла кіраўніца Адміністрацыі прэзідэнта Наталля Качанава.

"Не трэба, як вось адбылося з цыганамі, — Наталля Іванаўна ездзіла, разбіралася па маім даручэнні. Абражалі людзей ні за што. Дык трэба папрасіць прабачэння", — цытуе БЕЛТА словы беларускага кіраўніка.

Лукашэнка параіў больш акуратна ставіцца да людзей: "Убачылі, што яны не вінаватыя. Дык ідзіце і проста перапрасіце ў іх. І людзі зразумеюць. Не трэба плугам ці бульдозерам перці на ўсё, што перад табой. Недзе трэба і акуратней, дзесьці аб'ехаць. А не атрымалася — прабачайся".

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі