Вы тут

Лукашэнка: "Тады я прапаную Пуціну вярнуць ядзерную зброю ў Беларусь"

Ці патрэбна ядзерная зброя Беларусі? / Ілюстрацыйнае фота pixabay.com

30 лістапада Аляксандр Лукашэнка заявіў, што ядзерная зброя можа вярнуцца ў Беларусь. Гэта можа быць адказам на выпадак, калі NATO вырашыць размясціць ядзерную зброю ва Усходняй Еўропе, у той жа Польшчы.

"Тады я прапаную [прэзідэнту Расіі Уладзіміру] Пуціну вярнуць ядзерную зброю ў Беларусь", — сказаў Лукашэнка ў інтэрв'ю расійскаму прапагандысту Дзмітрыю Кісялёву. "Якую ядзерную зброю?", — пацікавіўся ён. "Мы дамовімся, якую, — працягваў Аляксандр Лукашэнка. —  Тую ядзерную зброю, якая будзе найбольш эфектыўнай...".

Лукашэнка падкрэсліў, што да магчымага вяртання ядзернай зброі Беларусь гатова. "Усе хлявы стаяць на месцы", — сказаў ён.

Можна чакаць, што Масква неўзабаве пракаментуе скандальную заяву.

Беларусь адмовілася ад ядзернай зброі, якая дасталася ёй ад СССР, чвэрць стагоддзя таму. Яе вывезлі ў Расію. Аляксандр Лукашэнка неаднаразова выказваў шкадаванне з гэтай нагоды.

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.