Вы тут

Лукашэнка сустракаецца з дэпутатамі і сенатарамі

Аляксандр Лукашэнка падчас выступу перад дэпутатамі і сенатарамі ў 2016-м / president.gov.by

5 снежня ў Палацы Незалежнасці ў Мінску праходзіць сустрэча Аляксандра Лукашэнкі з дэпутатамі Палаты прадстаўнікоў і членамі Савета Рэспублікі шостага і сёмага скліканняў (з тымі, хто толькі склаў свае паўнамоцтвы і тымі, хто прыйшоў ім на змену). Тэлеграм-канал Пул Першага падкрэслівае, што нічога сенсацыйнага чакаць не варта: “падзея… дастаткова традыцыйная”, “тэлеканалы жывыя эфіры не плануюць”. Пра гэта ўжо на пачатку сустрэчы заявіў і сам Лукашэнка.

Да таго ж сустрэча ў Палацы Незалежнасці пройдзе напярэдадні паездкі беларускага кіраўніка да Уладзіміра Пуціна. Яны мусяць атрымаць для падпісання падрыхтаваныя дакументы па “паглыбленні інтэграцыі” Беларусі і Расіі. 4 снежня на нарадзе з актывам Мінскай вобласці Аляксандр Лукашэнка заявіў, што незалежнасць "першай у гісторыі незалежнай [беларускай] дзяржавы" трэба захаваць. Ён паабяцаў, што яго дзеці не будуць кіраваць краінай.

Першая сустрэча Аляксандра Лукашэнкі з парламентарамі ў такім фармаце адбылася 7 кастрычніка 2016 года. Яна праходзіла ў Авальнай зале Доме ўраду. На ёй прысутнічалі дэпутаты і сенатары пятага і шостага склікання, а таксама чальцы ўраду, кіраўніцтва Адміністрацыі прэзідэнта.

Лукашэнка выступіў з прамовай, у якой заявіў пра легітымнасць улады і адсутнасць расколу ў беларускім грамадстве, пра задачы ў эканоміцы, пра гатоўнасць “да любых рэформаў”, пра “акуратную” знешнюю палітыку. Кіраўнік дзяржавы пашкадаваў пра малую колькасць апазіцыянераў (2 чалавекі) у парламенце. Цяпер жа іх зусім няма. Беларускі кіраўнік не выключыў магчымасці карэкціроўкі Канстытуцыі Беларусі.

“З Расіяй мы імкнемся выбудоўваць супрацоўніцтва на раўнапраўнай аснове, — гаварыў Аляксандр Лукашэнка. — Аднак не заўсёды гэта атрымліваецца, і не па віне Беларусі”.

Выступ працягваўся больш за дзве гадзіны. Лукашэнка ўзнагародзіў некаторых дэпутатаў і сенатараў, якія “асабліва адзначыліся”. Напрыканцы было зроблена агульнае фота на памяць.

2016 год / president.gov.by

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.