Вы тут

Лукашэнка сказаў Фазелю, што ніякай небяспекі па каранавірусе ў Беларусі няма

Аляксандр Лукашэнка і Рэнэ Фазель / БЕЛТА

11 студзеня ў Мінску ў Палацы Незалежнасці прайшла сустрэча Аляксандра Лукашэнкі і кіраўніка Міжнароднай федэрацыі хакея Рэнэ Фазеля. Апошні прыехаў у Беларусь, каб абмеркаваць магчымы перанос чэмпіянату свету ў іншую краіну. Гэтага патрабуюць не толькі беларускія апазіцыянеры, але і шэраг нацыянальных федэрацый, грамадскія дзеячы, палітыкі. Яны абураныя рэпрэсіямі супраць іншадумцаў у нашай краіне. Фазель, якога Лукашэнка называе "асабістым сябрам Беларусі", супраціўляецца пераносу, спасылаецца на фінансавыя страты. Рашэнне мусіць быць прынята Саветам Міжнароднай федэрацыі хакею ў канцы студзеня. Але перад гэтым яе кіраўнік вырашыў сустрэцца з Лукашэнкам.

Аляксандр Лукашэнка запэўніў Рэнэ Фазеля, што "ніякай небяспекі ні па якіх пытаннях у Беларусі няма і не будзе — ні па каранавірусе, ні з пункту гледжання палітычнай бяспекі або фізічнай бяспекі людзей, якія жывуць тут і прыязджаюць да нас як госці", паведамляе БЕЛТА.

Як вядома, у той жа Чэхіі сумняюцца, што Беларусь публікуе праўду пра сітуацыю з COVID-19 (анамаліі гэтай статыстыкі заўважаюць і ў нашай краіне). І гэта, побач з палітыкай, можа стаць прычынай для пераносу ЧС.

Раней Лукашэнка гаварыў, што падставаў для пераносу чэмпіянату з нашай краіны "на міліметр няма". Верагодна, ён ужо змірыўся з тым, што "вялікага хакея" сёлета ў Мінску не будзе. "Мы асабліва не парымся", — кажа Аляксандр Лукашэнка.

Чэмпіянат свету па хакеі 2021 года павінен быў прайсці з 21 траўня да 6 чэрвеня ў Беларусі і Латвіі. Аднак Рыга адмовілася яго праводзіць разам з Мінскам з-за парушэння правоў чалавека пасля прэзідэнцкіх выбараў.

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.