Лукашэнка разлічвае на поўную нармалізацыю адносінаў з ЕС
Аляксандр Лукашэнка разлічвае на поўную нармалізацыю адносінаў з Еўрасаюзам. Пра гэта кіраўнік Беларусі заявіў у панядзелак, 5 кастрычніка, калі прымаў даверчыя граматы амбасадараў шэрагу замежных дзяржаваў. Паводле яго слоў, апошнім часам з'явілася "пазітыўная дынаміка" ў дачыненнях нашай краіны з ЕС.
"Мы павінны падняць іх на якасна новы ўзровень, якія адпавядае інтарэсам абодвух бакоў", — цытуе словы Аляксандра Лукашэнкі БЕЛТА.
Кіраўнік дзяржавы падкрэсліў, што "цесных кантактаў і пошуку сумесных рашэнняў" патрабуе сітуацыя ў рэгіёне, "агульныя выклікі і пагрозы". Беларусь зацікаўленая ў пашырэнні гандлёва-эканамічнага і інвестыцыйнага супрацоўніцтва з Еўрасаюзам, адзначыў Лукашэнка.
Таксама Аляксандр Лукашэнка заявіў, што трэба "адкінуць усякія забабоны і сумленна, справядліва, аб'ектыўна выбудаваць нашы адносіны з ЕС". Ён перакананы, што адносіны Мінска і Бруселя "будуць развівацца пазітыўна".
Фота: БЕЛТА