Лукашэнка распавёў, як тры народы павінны сустрэць юбілей Перамогі

23 лютага, у Дзень абаронцаў Айчыны, Аляксандр Лукашэнка ўручаў пагоны беларускім генералам. У сваёй прамове ён гаварыў пра юбілей Перамогі ў Вялікай Айчыннай вайне і пра неабходнасць яго годна адзначыць.

Лукашэнка: "Наперадзе ў нас цэлы шэраг найважнейшых задач, якія трэба вырашаць у няпростай эканамічнай сітуацыі і ў складанай міжнароднай абстаноўцы. Як бы не было гэта дорага, нам трэба разам, рускім, беларусам і ўкраінцам, у год 70-годдзя [Перамогі] годна сустрэць гэтую дату. У міры і згодзе".

Па словах Лукашэнкі, у Беларусі трэба правесці юбілейныя мерапрыемствы на самым высокім узроўні. Каб "паказаць усяму свету, што вялікая Перамога — гэта наш нацыянальны здабытак".

Таксама кіраўнік дзяржавы згадаў пра ваенныя вучэнні "Шчыт Саюза-2015", якія пройдуць сёлета на тэрыторыі Расіі. Яны павінны прадэманстраваць свету "гатоўнасць і здольнасць сумеснымі высілкамі надзейна забяспечыць мір і бяспеку нашага саюзнага будаўніцтва". Аляксандр Лукашэнка асабліва падкрэсліў, што Расія — гэта наш "асноўны ваенны саюзнік".

Лукашэнка нагадаў таксама, што сёлета пройдзе "важнейшая палітычная кампанія" — прэзідэнцкія выбары ў Беларусі. Яны мусяць прайсці "арганізавана, спакойна". Паводле слоў кіраўніка дзяржавы, нельга дапусціць любой некантраляванай сітуацыі ў краіне і дэстабілізацыі абстаноўкі". І гэта залежыць ад вайскоўцаў, сказаў Аляксандр Лукашэнка.

Лукашэнка: Абарона Айчыны ў нашай краіне мае ўсенародны характар

Адзначым, што 23 лютага з рук Аляксандра Лукашэнкі пагоны атрымалі наступныя асобы:

генерал-маёрамі сталі Павел Муравейка, Ігар Дземідзенка, Вячаслаў Язерскі, Аляксандр Невяроўскі, генерал-маёрамі міліцыі — Віктар Дубавец і Віктар Сянько, генерал-маёрамі юстыцыі — Аляксей Волкаў, Алег Шаркоў і Максім Варонін. Аляксандр Худалееў атрымаў пагоны генерал-маёра ўнутранай службы, Ігар Маршалаў — генерал-маёра фінансавай міліцыі. Старшыні Дзяржаўнага мытнага камітэта Юрыю Сянько было прысвоена персанальнае званне дзяржаўнага саветніка мытнай службы III рангу, а намесніку генпракурора Аляксандру Дубаву — класны чын дзяржаўнага дарадцы юстыцыі 3-га класа.

Фота: БЕЛТА, відэа: СТВ, БЕЛТА

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі