Лукашэнка раскажа Пуціну, што "санкцыёнку" ў Расію вязуць не беларусы, а расіяне

Лукашэнка раскажа Пуціну, што "санкцыёнку" ў Расію вязуць не беларусы, а расіяне

У аўторак, 17 ліпеня, Аляксандр Лукашэнка выказаўся наконт супрацьдзеяння ўвозу санкцыйнай прадукцыі на тэрыторыю Расійскай Федэрацыі. Ён сустракаўся з Юрыем Сянько, кіраўніком Дзяржаўнага мытнага камітэта Беларусі. У размове з ім Лукашэнка адзначыў, што для беларускага кіраўніцтва "санкцыёнка" — гэта "галаўны боль".

"Робім шалёную працу ў інтарэсах Расіі, — цытуе словы Аляксандра Лукашэнкі БЕЛТА. — [А яны] пачынаюць нам выстаўляць прэтэнзіі. Замест удзячнасці пачынаюць часам ківаць на нас, што мы тут дрэнна працуем з санкцыйнымі таварамі". Больш таго, яны яшчэ замаўляюць адпаведныя матэрыялы ў расійскіх СМІ.

Лукашэнка лічыць, што беларускаму боку трэба смялей гаварыць пра гэтую праблему. Паводле яго слоў, беларускія спецслужбы інфармуюць, што пастаўкамі "санкцыёнкі" ў Расію праз Беларусь займаюцца расійскія фірмы, часам нават буйныя, "за якімі стаяць буйныя дзялкі і цяжкімі пагонамі".

"Гэта таксама трэба гаварыць, не саромецца, — кажа Аляксандр Лукашэнка. — Не мытнікам расійскім казаць, а інфармаваць урад і прэзідэнта Расійскай Федэрацыі, каб яны там разбіраліся са сваімі. Я Пуціну часта пра гэта кажу. Але факты трэба выкладаць".

Юрый Сянько распавёў якраз пра такі факт. 16 ліпеня на Магілёўшчыне затрымалі два грузавікі, якія везлі ў Расію санкцыйную прадукцыю па падробленых дакументах. Суправаджаў груз расіянін, які знаходзіцца ў міждзяржаўным вышуку. Яго затрымалі.

Лукашэнка раскажа Пуціну, што "санкцыёнку" ў Расію вязуць не беларусы, а расіяне
Аляксандр Лукашэнка і Юрый Сянько. Фота: belta.by

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі