Лукашэнка: Расія нахабна спрабавала нас прынізіць, але мы гэтым не адказваем

Лукашэнка: Расія нахабна спрабавала нас прынізіць, але мы гэтым не адказваем

24 студзеня падчас наведвання ў Шклове завода газетнай паперы Аляксандр Лукашэнка жорстка выказаўся наконт адносін з Расіяй. Як інфармавала Еўрарадыё, ён гаварыў пра тое, што не хоча быць "апошнім прэзідэнтам Беларусі". Згадаў, што з боку Масквы быў ціск на нашу краіну з мэтай схілення да "паглыбленай інтэграцыі". Лукашэнка паабяцаў, што Беларусь застанецца незалежнай, інакш беларусы яго з'ядуць " на працягу аднаго года".

"Мы не гуляем у нейкія гульні [з Расіяй], — цытуе словы Аляксандра Лукашэнкі БЕЛТА. — Мы не хочам занадта напружваць нашага галоўнага саюзніка... Можа, адумаюцца і вернуцца да нармальных адносін. Мы хочам працаваць з імі, але на роўных умовах".

Па словах Лукашэнкі, такія роўныя ўмовы мусяць быць у прадпыемстваў. У такой сітуацыі была б канкурэнцыя, і беларусы з ёй саўладалі б, перакананы кіраўнік дзяржавы.

Аляксандр Лукашэнка супакоіў працоўных: у Беларусі выдатныя адносіны з многімі краінамі. Таму Беларусь пакуль не надта перажывае, што Расія закрывае для беларускага харчавання свой рынак. Паводле яго слоў, расіяне робяць гэта "нахабна, беспардонна, без прычыны". Навошта робяць? "Каб нахіліць, зняважыць. Мы гэтым не адказваем", — заявіў кіраўнік дзяржавы.

"Але ж мы можам і адказаць", — працягвае Лукашэнка. Ён згадаў, што калісьці беларусы пачалі правяраць аўтамабілі "пад Смаленскам" і "чарга выстраілася па чыгунцы і аўтатранспарту да Крамля".

Кіраўнік Беларусі падкрэсліў, што нашай краіне патрэбна не канфрантацыя з Расіяй, а "нармальныя сяброўскія, брацкія адносіны".

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі