Лукашэнка пра выступленні беларускіх спартсменаў: Гэта ўвогуле катастрофа

Лукашэнка пра выступленні беларускіх спартсменаў: Гэта ўвогуле катастрофа

22 верасня Аляксандр Лукашэнка наведаў Нацыянальны алімпійскі камітэт ды выказаўся на тэму падрыхтоўкі айчынных атлетаў да Алімпіяды ў Бразіліі ў 2016-м. Паводле яго слоў, беларускія спартсмены мусяць там выступіць адэкватна ўкладзеным сілам і сродкам.

"Не так, як на апошніх чэмпіянатах свету па акадэмічным веславанні, лёгкай атлетыцы ці плаванні. Гэта ўвогуле катастрофа, самыя медальныя віды спорту — мы там проста целяпаемся", — цытуе словы Лукашэнкі БЕЛТА.

Кіраўнік дзяржавы адзначыў, што ў Рыа-дэ-Жанейра кожнага нашага спартсмена і трэнера, усю спартыўную галіну чакае вельмі сур'ёзны экзамен. Паколькі грошы, якія накіроўваюцца на спорт, "даюцца няпроста", "беларускі народ мае права разлічваць на належную аддачу", сказаў Лукашэнка. Ён заклікаў атлетаў заваяваць хаця б такую колькасць медалёў, якая была на мінулых буйных стартах.

"Інакш што гэта за барацьба, калі вы выходзіце на дыван, загадзя прайграўшы паядынак?", — дадаў кіраўнік дзяржавы. Паводле яго слоў, у бліжэйшы час варта чакаць "шэраг мерапрыемстваў, прысвечаных абмеркаванню праблемаў у спартыўнай галіне".

Фота з сацсетак

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі