Вы тут

Лукашэнка — пра Расію: самі знаходзяцца пад санкцыямі і імі ж з намі ваююць

president.gov.by

Самі знаходзяцца пад санкцыямі і імі ж з намі ваююць. Так эмацыйна выказаўся Аляксандр Лукашэнка ў бок Расіі на нарадзе з эканамічным блокам ураду. Яна праходзіць 11 красавіка, інфармуе president.gov.by. Як вядома, Рассельгаснагляд рэгулярна ўводзіць санкцыі супраць беларускіх прадпрыемстваў. Апошні выпадак адбыўся днямі, калі было заяўлена, што з пятніцы будуць забаронены пастаўкі ў РФ яблыкаў і груш з Беларусі.

На сённяшняй нарадзе Лукашэнка абурыўся колькасцю санкцый, якія ўводзіць “гандлёвы партнёр”. Ён прызнаўся, што штодня атрымлівае такія паведамленні, і часам узнікае думка: а ці не “крывая [гэта] інфармацыя”?

“Самі знаходзяцца пад санкцыямі і асуджаюць гэта, і я тут іх абсалютна падтрымліваю, — гаворыць Аляксандр Лукашэнка. — Але ў той жа час падобнай зброяй ваююць супраць бліжэйшых сваіх саюзнікаў”.

Лукашэнка зрабіў выснову, што для Беларусі проста закрываюць расійскі рынак. Ён адзначыў, што беларускі бок стараецца не нанесці страты Расіі. Нават калі была неабходнасць паставіць на рамонт нафтаправод, які праходзіць праз нашу краіну на Захад, гэтага не рабілі. Цяпер жа беларускі кіраўнік сказаў, якім будзе адказ. “Калі трэба паставіць на рамонт нафтаправоды і нафтапрадуктаправоды, якія ідуць праз Беларусь, стаўце і рамантуйце, — гаварыў Лукашэнка віцэ-прэм'еру Ігару Ляшэнку. — Таму што тое дабро, якое мы робім для Расійскай Федэрацыі, яно нам абарочваецца пастаянным злом. Там ужо знахабіліся да такой ступені, што пачынаюць нам выкручваць рукі”.

Лукашэнка чакае ад ураду дакладу на наступным тыдні. Ён падкрэсліў, што “увесь час нас б’юць у левую шчаку — мы падстаўляем правую”. Трэба ўжо прымаць “адпаведныя меры”, сказаў кіраўнік дзяржавы.