Лукашэнка — пра гандаль: Там сумленнасці не было і ў савецкія часы

Лукашэнка — пра гандаль: Там сумленнасці не было і ў савецкія часы

Аляксандр Лукашэнка запатрабаваў стварыць у Беларусі сумленную і празрыстую сістэму гандлю. Такую задачу ён паставіў міністру галіны Уладзіміру Калтовічу.

Па словах Лукашэнкі гандаль з савецкіх часоў быў тварам улады. Цяпер стварылася такая сітуацыя, што гандаль, з аднаго боку, прыціснуў вытворцаў, а з другога — забірае грошы ў спажыўца. "І ў нас, паглядзіце, сёння людзі, якія працуюць у гандлі, сталі самымі заможнымі. Я не супраць прадпрымальнікаў, я не супраць элементаў існага гандлю, але я катэгарычна супраць незаробленых грошай", — перадае БЕЛТА словы кіраўніка дзяржавы. Ён заклікаў, каб гандаль, атрымоўваючы сваю долю ад кошту тавару, не станавіўся абдзіралаўкай.

Лукашэнка заявіў, што добра знаёмы з сістэмай гандлю і не згодны з тым, што адбываецца цяпер: "Там сумленнасці не было і ў тыя савецкія часы, калі жалезна кантралявалася. Цяжка будзе і цяпер. Але падысці да гэтага, імкнуцца да гэтага трэба. І вы павінны ў краіне стварыць гэтую сістэму", — запатрабаваў ён ад міністра.

Кіраўнік Беларусі паабяцаў Калтовічу сваю падтрымку: "Калі хтосьці перашкаджаць будзе — здыміце трубку, патэлефануйце мне наўпрост, я вас заўсёды падтрымаю. Трэба ў кагосьці забраць, як урад прапануе, функцыі ў частцы антыманапольнай службы — на здароўе. Я не супраць. Таму што мы ўсё, што нейкім органам не трэба, скідаем у Мінэканомікі. Ім не будзе калі займацца канкрэтнымі пытаннямі. Таму, калі вы возьмеце антыманапольную службу сабе, калі возьмеце інспекцыю па кантролі за цэнаўтварэннем, за арганізацыяй гандлю, — на здароўе".

Лукашэнка параіў міністру адцягнуцца ад усіх канонаў і стварыць "нармальную сістэму, якая б дазваляла арганізаваць прыватны і дзяржаўны гандаль".

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі