Вы тут

Лукашэнка пра COVID-19: мяне за 4 ці 5 дзён скляпалі — і я стаяў ужо за трыбунай

Аляксандр Лукашэнка / БЕЛТА

Аляксандр Лукашэнка заявіў, што ад каранавіруса яго вылечылі за 4-5 дзён. Заява прагучала ў інтэрв'ю ўкраінскаму журналісту Дзмітрыю Гардону

Напрыканцы ліпеня Лукашэнка заявіў, што перахварэў на каранавірус, прычым перанес яго на нагах.  

Аднак не здакладнялася, калі менавіта беларускі кіраўнік падхапіў каранавірусную інфекцыю. Таму Гардон пацікавіўся, ці не заразіў Лукашэнка Уладзіміра Пуціна, калі сустракаўся з ім у канцы чэрвеня на парадзе ў Маскве. 

"Ну што вы. Усё было там нармальна, без пытанняў", — адказаў кіраўнік Беларусі.

Лукашэнка сказаў, што сам бы не заўважыў захворванне, але занядужалі яго хатнія. Пасля гэтага ён паехаў з імі ў бальніцу на камп'ютарную тамаграфію. Там лекарка сказала Лукашэнку, што ён на нагах перанёс каранавірус.

"Яна мяне заводзіць у гэты пакой, сама ўжо зняла гэтую маску, сядзіць са мной, я ж перанёс на нагах, ужо ўсё, антыцелы ў мяне, і паказвае мне — вось ачаг, вось ачаг. Яны ўжо рассмакталіся даўно: гэта ўжо тыдзень, гэта 10 дзён. Ну яны ж кожны дзень па 50 здымкаў гэтых бачаць", — падзяліўся ён падрабязнасцямі.

Але на наступны дзень ён, маўляў, адчуў сябе горш, і дактары пераправерылі. 

"Яны зрабілі выснову, што мяне ўдарыла хвастом гэтая пандэмія. Гэта значыць ужо пры канцы лёту яна мяне зачапіла хвастом, і яны знайшлі гэты ачаг", — распаыёў беларускі кіраўнік. Ён запатрабаваў, каб яго вылечылі да 4 жніўня, каб выступіць з Пасланнем беларускаму народу і парламенту. 

"Там жа ўсё заточана было на мне, вы разумееце? Лекары кажуць: "Аляксандр Рыгоравіч, свят-свят, вам нельга, вам нельга хадзіць, вы павінны ляжаць". "На тым свеце — чатыры дні тэрміну", — пераказаў Лукашэнка сваю размову з дактарамі.

"І вось яны мяне за 4 ці 5 дзён скляпалі — і я стаяў ужо за трыбунай", — патлумачыў ён.

Атрымліваецца, што Пасланне перанеслі з 3 жніўня на 4-га з-за хваробы кіраўніка дзяржавы.

Дарэчы, падчас выступу Лукашэнкі 4 жніўня многія звярнулі ўвагу на тое, што ён пастаянна выціраў пот. 

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.