Вы тут

Лукашэнка: "Паглядзіце, хто паказаў прыклад помнікі зносіць. Расія!"

Аляксандр Лукашэнка / Reuters

Аляксандр Лукашэнка выказаўся па пытаннях гістарычнай памяці і свята 7 лістапада. Адбылося гэта ў сераду падчас наведвання ім Рэспубліканскага навукова-практычнага цэнтра анкалогіі і медыцынскай радыялогіі імя Аляксандрава пад Мінскам. Лукашэнка доўга гаварыў пра падзеі 1917 года і тое, чаму ў Беларусі дагэтуль на дзяржаўным узроўні святкуюць угодкі прыходу да ўлады ў Расіі бальшавікоў. Паводле яго слоў, трэба было "неяк людзям патлумачыць, навошта нам гэтае свята". І ён патлумачыў: у той час закладаўся падмурак першай беларускай дзяржавы (ён мае на ўвазе савецкую Беларусь).

"Я прапанаваў: давайце (у Савецкім саюзе было гэта)... 7 лістапада будзем заканчваць сацыяльныя аб'екты, будоўлі і будзем народу дарыць гэтыя падарункі, цытуе словы Лукашэнкі sb.by. — І народ ацэніць уладу. Была такая ідэалогія гэтага свята прапанавана".

Далей гаворка пайшла пра помнікі. "Пагледзіце, хто паказаў прыклад помнікі зносіць? Расія!", — заявіў беларускі кіраўнік. Ён падкрэсліў, што ў нашай краіне такога не рабілі дзякуючы яму. Лукашэнка сцвярджае, што і ў нашай краіне "гатовыя былі таксама зносіць помнікі, дэкамунізацыю весці, люстрацыю".

Аднак у Беларусі "нікога не знеслі". "Усё захавалі, — кажа Аляксандр Лукашэнка. — І захавалі гэтае свята і падвялі пад яго адпаведную ідэалогію: будзем заканчваць будоўлі, будзем заканчваць прыборку ўраджаю".

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.