Лукашэнка падзякаваў прэм'еру Славакіі за нармалізацыю адносін Беларусі з ЕС
Аляксандр Лукашэнка падзякаваў прэм'еру Славакіі за нармалізацыю адносін Беларусі з Еўрасаюзам. 25 лістапада ў Мінску праходзіць сустрэча беларускага лідара з Робертам Фіца.
"Я ведаю пазіцыю вашай краіны ў няпростыя для нас часы, калі было сур'ёзнае недастатковае разуменне ў Еўропе, якая Беларусь, якая ў нас палітыка, як мы тут жывем і працуем, — цытуе словы Лукашэнкі БЕЛТА. — Ваша краіна даносіла да кіраўніцтва ЕС сапраўднае становішча ў Беларусі... Вы зрабілі нямала, каб у нас з ЕС былі нармалізаваны адносіны. Я вам за гэта вельмі ўдзячны".
Кіраўнік Беларусі выказаў надзею, што візіт славацкай дэлегацыі стане новым этапам у развіцці адносін нашай краіны і Славакіі, з чым пагадзіўся славацкі прэм'ер-міністр. Лукашэнка паабяцаў, што беларускі бок зробіць усё неабходнае, каб на роўных умовах прыярытэт быў аддадзены славацкаму бізнесу.