У Лукашэнкі будуць два новыя памочнікі

13 лютага Аляксандр Лукашэнка падпісаў Указ №40 "Аб аптымізацыі Адміністрацыі прэзідэнта Рэспублікі Беларусь", перадае яго прэс-служба.

У адпаведнасці з патрабаваннямі кіраўніка дзяржавы колькасць дзяржаўных службоўцаў Адміністрацыі будзе скарочаная на 30%. Як раней заяўляла кіраўніца Адміністрацыі Наталля Качанава, у ведамстве застануцца працаваць 108 чалавек.  

Указ зацвярджае ў новай рэдакцыі Палажэнне аб Адміністрацыі прэзідэнта і яе структуру, а таксама палажэнні аб памочніку прэзідэнта і прэс-сакратары.

Рэформа закране інстытут памочнікаў прэзідэнта. Паведамляецца, што ўказ уводзіць дзве новыя пасады памочнікаў. Памочнік прэзідэнта па пытаннях заканадаўчай і судовай дзейнасці будзе забяспечваць узаемадзеянне Лукашэнкі з заканадаўчай і судовай галінамі ўлады. Памочнік па пытаннях развіцця фінансава-крэдытнай сістэмы будзе кантраляваць выкананне даручэнняў кiраўнiка дзяржавы ў сфкры банкаўскіх і нябанкаўскіх крэдытна-фінансавых арганізацый.

Пашыраюцца і функцыі прэс-сакратара кіраўніка Беларусі. Ён атрымае паўнамоцтвы каардынаваць дзейнасць найважнейшых дзяржаўных СМІ.

Указ набывае моц 1 траўня 2017 года.