Вы тут

Лукашэнка не верыць у "чэргі па свабоду": не з'явілася новага пратэставага руху!

У чарзе, каб паставіць подпіс за альтэрнатыўнага кіраўніку дзяржавы кандыдата. Мінск, травень 2020-га / Еўрарадыё

Аляксандр Лукашэнка падчас прызначэння новага прэм'ера і членаў ураду эмацыйна выказаўся пра палітычную сітуацыю ў Беларусі.

"Менш вы глядзіце ў інстаграмах ці ў стаграмах, ці ў нейкіх там яшчэ тэлеграм-каналах на гэтыя нібыта доўгія чэргі [жадаючых паставіць подпіс за альтэрнатыўнага кандыдата], — гаварыў кіраўнік дзяржавы. — Трэба, Валерый Паўлавіч [Вакульчык, старшыня КДБ], даць ім фотаздымкі, зробленыя з гэтых... квадракоптэры яны называюцца? Трэба ім гэтыя фотаздымкі даць. І вы тады ўбачыце іншую карцінку. Гэта ўсё тыя ж людзі! І колькасць іх тая ж, што і была. Хоць яны сёння ад радыкальная апазіцыі [дыстанцуюцца], што "гэта не яны, яны — маргіналы і г. д". Не! Не з'явілася новага пратэставага руху! Так, з'явіліся нейкія незадаволеныя і іншыя. Але яны будуць заўсёды.

Што такое новы пратэставы рух? Гэта гады [палітычнай працы]! Яго няма. Але яны не хочуць сябе звязваць з радыкальнай апазіцыяй, якая заўсёды ваявала з намі на плошчах. А не атрымалася! На Камароўцы разгарнулі бел-чырвона-белы [сцяг] і еўрапейскі сцяг. І тыя, хто сёння фінансуецца за кошт расійскіх алігархаў, дакладна зразумелі, што на грошы расійскіх алігархаў яны да ўлады вядуць вось гэтую "адмарожаную", так званую радыкальную апазіцыю Беларусі.

А гэтыя чэргі — гэта "малая беларуская карусель", як я называю, і "вялікая беларуская карусель". Сутнасць малой у тым, што тут яны распісаліся, пасля зноў зайшлі ў гэтую чаргу, у хвост сталі, зноў распісаліся. І пайшлі-паехалі. Нават дастукаліся да таго, што мэр Мінска [Анатоль Сівак] заўважыў, што на аўтамабілях падвозяць людзей: распісаліся, у машыну селі, яны па квартале адвезлі, зноў паставілі ў чаргу. А вялікая карусель заключаецца ў тым, што ў адну нядзелю на Камароўцы яны распісаліся, прыйшлі, і гэтыя людзі, ну плюс там яшчэ некалькі там дадаліся, яны зноў прыйшлі і распісаліся...

Яны ж разумеюць, калі камісія будзе глядзець гэтыя подпісы, яны гэта заўважаць. І яны адразу заявілі: тыя, каму распісваюцца, "а мы і не збіраемся ў выбарах удзельнічаць, наша галоўная задача — расхістаць краіну". І расчысціць шлях для кагосьці. Вы ведаеце, для каго".

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.