Вы тут

Лукашэнка: нам проста пашанцавала, што ў Беларусі такія студэнты

Reuters

16 траўня падчас кадравых прызначэнняў Аляксандр Лукашэнка выказаўся пра беларускіх студэнтаў. У чацвер стала вядома, што рэктарам Беларускага дзяржаўнага эканамічнага ўніверсітэта стаў Вячаслаў Шуцілін, а рэктарам Беларускай дзяржаўнай сельскагаспадарчай акадэміі — Віталь Веліканаў. У размове з імі Лукашэнка адзначыў: важна, каб выпускнікі ВНУ "пасля заканчэння вучобы прыходзілі туды, куды трэба — для чаго яны атрымлівалі адукацыю", а не ехалі "незразумела куды і не прасіліся ўсе працаваць дзесьці там сакратарамі, рэферэнтамі і дарадцамі".

Таксама кіраўнік дзяржавы заявіў, што беларускай уладзе пашанцавала са студэнтамі.

"Не забывайце, студэнты заўсёды ў нас не то што ўжо парахавая бочка, нам проста пашанцавала, што ў нас студэнты ў ВНУ не такія, як дзесьці. Прыстойныя, грунтоўныя людзі. І тым не менш, гэта своеасаблівыя, наравістыя людзі. Таму з імі трэба працаваць. І дзве палітычныя кампаніі, яны проста як лакмусавая паперка, пакажуць, як вы там спрацуеце. А без вас нікуды", — гэтыя словы Аляксандра Лукашэнкі прагучалі ў сюжэце тэлеканала СТБ.

У канцы 2019 года ў Беларусі пройдуць парламенцкія выбары, а ў 2020-м — прэзідэнцкія.