Лукашэнка: мы страцілі моладзь і сувязь са звычайнымі людзьмі

Лукашэнка ў Дзень незалежнасці 3 ліпеня 2020 года, Мінск / Reuters
Лукашэнка ў Дзень незалежнасці 3 ліпеня 2020 года, Мінск / Reuters

Падчас сустрэчы з актывам Мінска Аляксандр Лукашэнка заявіў, што ўлада "страціла моладзь" і сувязь з людзьмі. Але пасля выбараў гэта не мусіць паўтарыцца.

"Шчыра прызнаю — мы страцілі не толькі моладзь у асноўным, таму што з ёй не працавалі — думалі, што ўсё само па сабе складзецца, мы страцілі шмат у чым сувязь са звычайнымі людзьмі. І калі прыйшоў вось гэты экзамен, калі прэзідэнт пачаў зверху ціснуць, мы раптам ачуліся і ўбачылі людзей. І пасля выбараў мы не павінныя астыць, забыцца, супакоіцца і падумаць, што ўсё добра", — папярэдзіў чыноўнікаў Лукашэнка.

Кіраўнік Беларусі папракнуў Мінгарвыканкам і адміністрацыі раёнаў у тым, што яны не ў курсе рэальных патрэбаў людзей, а іх дзейнасць арыентаваная на працэс, а не на вынік. 

"Бюракратызму, валакіты ў вырашэнні надзённых пытанняў у жыцці людзей звышдастаткова", — панаракаў Лукашэнка.

Пра аднаўленне "сувязі са звычайнымі людзьмі" ўлады задумаліся нядаўна — пасля таго як беларусы пачалі масава выказвацца пра свае праблемы ў стрымах блогера Сяргея Ціханоўскага, а таксама падчас пікетаў прэтэндэнтаў у прэзідэнты. У чэрвені паслухаць аб праблемах беларусаў была адпраўленая Наталля Качанава — у Пінску яна сустрэлася з ініцыятыўнай групай Святланы Ціханоўскай. На скаргі пінчукоў пра нізкія заробкі кіраўніца Савета Рэспублікі сказала, што сама з простай сям'і, а яе брат, які прыехаў з Украіны, мяркуе, што перад Лукашэнкам беларусы наогул павінныя станавіцца на калені. І папракнула медыкаў, маўляў, калі вы ішлі ў медыцыну, вы ведалі пра свае заробкі.

Следам за Качанавай з праціўнікамі акумулятарнага завода ў Брэсце сустрэўся і сам Лукашэнка. 

"Вы супакойцеся, калі ў вас ёсць нейкія праблемы, вы іх выказвайце. Паслухайце, акрамя мяне і той улады, якая сёння ёсць, іх ніхто не вырашыць",запэўніваў жыхароў Брэста кіраўнік Беларусі.

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі