Вы тут

Лукашэнка: да Уцюрына былі пытанні і да прызначэння ў Саўбез

Андрэй Уцюрын / БЕЛТА

Аляксандр Лукашэнка пракаментаваў арышт былога намесніка дзяржаўнага сакратара Савета бяспекі Андрэя Уцюрына. Ён выказаўся пра справу сілавіка падчас наведвання Студэнцкай вёскі ў Мінску, паведамляе БЕЛТА.

“Калі б ён у мяне быў па-за падазрэннямі, ён бы дагэтуль працаваў начальнікам Службы бяспекі, — сказаў журналістам Лукашэнка. — Ужо тады да яго былі пытанні. У мяне былі пэўныя падазрэнні. Яму быў дадзены шанец”.

Кіраўнік краіны пры гэтым сцвярджае, што Уцюрын трапіў у поле зроку праваахоўнікаў яшчэ да пераводу ў Савет бяспекі.

“Літаральна праз колькі месяцаў мне далажылі пра тое, што да яго ёсць пытанні”, — заявіў Лукашэнка.

24 красавіка Андрэя Уцюрына вызвалілі ад пасады з фармулёўкай “за здзяйсненне ўчынкаў, якія дыскрэдытуюць званне вайскоўца”. 4 траўня КДБ паведаміў, што Уцюрына затрымалі пры атрыманні хабару ад прадстаўніка расійскай камерцыйнай структуры за спрыянне ў прасоўванні яе інтарэсаў у Беларусі.