Лукашэнка грозіць санкцыямі Літве: перавядзе гандлёвыя плыні з яе портаў

Лукашэнка грозіць санкцыямі Літве: перавядзе гандлёвыя плыні з яе портаў

Аляксандр Лукашэнка прыгразіў адказаць краінам, якія выступаюць за санкцыі супраць беларускага кіраўніцтва. Пра гэта ён заявіў 28 жніўня падчас паездкі ў Оршу. 

Найбольш дасталося Польшчы і Літве: ім Лукашэнка прыгразіў перакрыць паветраныя калідоры. 

"Калі яны яшчэ ў Кітай і Расію праз нас (палякі і літоўцы) баражыравалі, цяпер яны будуць лятаць або праз Балтыку ці Чорнае мора гандляваць з Расіяй ды іншае. А па санкцыйнай прадукцыі (на тую прадукцыю, на якую Расія ўвяла эмбарга) — хай нават не мараць. Мы ім пакажам, што такое санкцыі", — цытуе БЕЛТА яго словы.

Хутчэй за ўсё, пагроза пра "санкцыйную прадукцыю" азначае, што беларускі кіраўнік пагражае закрыць калідоры кантрабанднай пастаўкі прадукцыі з ЕС у Расію.

"Яны зажраліся і забыліся, што такое Беларусь", — заявіў кіраўнік дзяржавы. Ён паабяцаў паказаць, што такое санкцыі. 

Лукашэнка паведаміў, што ўраду даручана пераарыентаваць усе гандлёвыя плыні з портаў Літвы на іншыя. "30% літоўскага бюджэту фармуюць нашыя грузапатокі праз Літву. Што яшчэ трэба? Зажраліся. Таму паставім на месца", — сказаў ён.

Пасля жорсткага разгону вулічных пратэстаў міністры замежных спраў Еўрасаюза вырашылі ўвесці персанальныя санкцыі супраць кіраўнікоў Беларусі, адказных за фальсіфікацыі на выбарах і гвалт супраць мірных дэманстрантаў. Літва склала свой санкцыйны спіс, не чакаючы агульных санкцыяў ЕС: у яго цяпер уваходзяць 118 беларускіх чыноўнікаў, пачынаючы з Аляксандра Лукашэнкі.

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі