Вы тут

Лукашэнка: гавораць, што расіяне правяралі Беларусь на лаяльнасць

Аляксандр Лукашэнка / Reuters

17 кастрычніка падчас сустрэчы з губернатарам Наўгародскай вобласці Расіі Андрэем Нікіціным Аляксандр Лукашэнка згадаў пра нядаўняе здарэнне ў Мінску з расійскай грамадзянкай Ганнай Багачовай. Яе затрымалі ў гатэлі. Расійскія СМІ паведамілі, што адбылося гэта на запыт ЗША, паколькі Багачову абвінавачваюць ва ўмяшальніцтве ў амерыканскія прэзідэнцкія выбары 2016 года. Раней яна з'яўлялася супрацоўніцай "Агенцтва інтэрнэт-даследаванняў", якое больш вядома як "Фабрыка троляў". Ганну Багачову хутка адпусцілі. У Мінску было заяўлена, што насамрэч затрымання не было.

Лукашэнка патлумачыў сітуацыю: "у камп'ютары высвечваецца прозвішча чырвоным шрыфтом", таму трэба было разабрацца, хто і чаму расіянку шукае. "Вось мы і ўдакладнялі, што да чаго", — сказаў ён губернатару з Расіі. Аляксандр Лукашэнка падкрэсліў, што ў гэты час некаторыя расійскія інфармацыйныя рэсурсы "пачалі накручваць сітуацыю", "цэлая рэвалюцыя паднялася" і пайшлі абвінавачванні на адрас беларускага кіраўніка.

"У нас ужо іншая канспіралогія,цытуе словы Лукашэнкі яго прэс-служба. — Многія пачынаюць гаварыць: можа быць, расіяне гэта спецыяльна зрабілі, як лакмусавая паперка, каб праверыць Беларусь на адносіны да Расіі. Калі гэта так у кагосьці, то гэта абсалютнае глупства. Нам гэта не трэба".

Аляксандр Лукашэнка шмат гаварыў пра дачыненні Беларусі і Расіі. Ён заклікаў не глядзець на беларусаў, як на ворагаў, якія нібыта павярнуліся спінай да Расіі. Расійская Федэрацыя застаецца стратэгічным партнёрам Беларусі, падкрэсліў Лукашэнка. Ён перакананы, што праблемныя пытанні, у тым ліку і ў гандлі, будуць вырашаныя.

Лукашэнка: "Нас асабліва там [на Захадзе] не чакаюць, таму што перашкодай гэтаму з'яўляецца нават не дыктатура Лукашэнкі, перашкодай гэтаму з'яўляецца эканоміка".

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.