Лукашэнка, Ціманоўская, Баскаў: як падаў беларускі спорт у храналогіі 2021

На спаборніцтвах Kopyl Race 2021 / Еўрарадыё​
На спаборніцтвах Kopyl Race 2021 / Еўрарадыё​

Спорт па-за палітыкай, але толькі не ў Беларусі. З канца 2020 года ў нас існуюць "свае" і "чужыя": спартсмены, трэнеры, заўзятары і СМІ. Мы не будзем пісаць пра медалі і распісваць асобасныя якасці Аляксея Талая, як гэта робяць дзяржСМІ. А ўспомнім, як функцыянеры ўплывалі на спорт і куды ён скаціўся за апошні год.

Звальненне нязгодных

Лукашенко, Тимановская, Басков: как падал белорусский спорт в хронологии 2021
Спартсмены з народам / Радыё "Свабода"

Звальненні тых, хто падпісаў ліст за новыя выбары, пачаліся яшчэ ў 2020 годзе, а ў 2021-м з большым напорам працягнуліся.

На пачатку года стала вядома, што 21-гадовага форварда маскоўскага ЦСКА Ілью Шкурына выключылі са складу моладзевай і нацыянальнай зборных па футболе на 2021 год. Акрамя таго, у яго забралі льготу па адтэрміноўцы вайсковай службы.

У студзені затрымалі Анастасію Калашнікаву, фельчарку хуткай дапамогі і чэмпіёнку Беларусі па муай-тай. А пасля атрымання артыкула 23.34 не працягнулі кантракт.

Сышоў са зборнай Беларусі па плаванні ўдзельнік Алімпійскіх гульняў 2012, 2016 і 2020 гадоў Яўген Цуркін, падпісант ліста за сумленныя выбары і супраць гвалту.

Увосень звольнілі трэнера хакейнага клуба "Мінскія зубры" Аляксандра Радзінскага. У ягоным прафайле на сайце ініцыятывы "Сумленныя людзі" сказана, што гэта адбылося пасля адмовы падпісваць праўладны ліст спартсменаў.

"У студзені 2021 года ён адзіны з трэнерскага складу адмовіўся падпісаць праўладны ліст спартсменаў. Пасля гэтага ў яго пачаліся праблемы на працы: здзекі, пагрозы, цкаванне і знявага. Старшыня Федэрацыі хакея ясна даў зразумець Аляксандру, што працы ў краіне ён не знойдзе", — так пераказваюць гісторыю на сайце ініцыятывы.

Тым старшынёй, дарэчы, быў Дзмітрый Баскаў.
 

Сенатар Баскаў

Лукашенко, Тимановская, Басков: как падал белорусский спорт в хронологии 2021
Дзмітрый Баскаў / sb.by

Не будзем пераказваць усю гісторыю пра Баскава. Нагадаем, што з самага пачатку года Міжнародная федэрацыя хакея з шайбай вяла расследаванне ў дачыненні да Баскава. І толькі ў верасні 2021 года вынесла выніковае заключэнне: Дзмітрый Баскаў дыскваліфікаваны на пяць гадоў па ўсіх відах хакейнай дзейнасці і на нацыянальным, і на міжнародным узроўні. Каб "беларускі хакей не пацярпеў", Баскаў звальняецца з Федэрацыі хакея Беларусі.

Праз пару дзён Лукашэнка прызначае яго сенатарам і сябрам Савета Рэспублікі Нацыянальнага сходу.
 

Аляксандр Лукашэнка сышоў з пасады НАК

Лукашенко, Тимановская, Басков: как падал белорусский спорт в хронологии 2021
Лукашэнка з Лукашэнкам / president.gov.by

У снежні 2020 года Міжнародны алімпійскі камітэт адхіліў прадстаўнікоў Нацыянальнага алімпійскага камітэта Беларусі ад Алімпійскіх гульняў і ўсіх мерапрыемстваў МАК: Аляксандра Лукашэнку, першага віцэ-прэзідэнта Віктара Лукашэнку і ўвесь выканкам. МАК прыйшоў да высновы, што кіраўніцтва НАК не абараняе беларускіх спартоўцаў ад палітычнай дыскрымінацыі. Было заяўлена, што НАК пазбавяць фінансавання.

У канцы лютага 2021 года Аляксандр Лукашэнка адмовіўся ад прэзідэнцтва ў Нацыянальным алімпійскім камітэце Беларусі, прабыўшы на гэтай пасадзе з траўня 1997 года. І прапанаваў прызначыць на гэтую пасаду свайго старэйшага сына Віктара.

У выніку Віктар стаў кіраўніком НАК, хаця знаходзіўся пад санкцыямі.
 

Беларусь без чэмпіянату свету па хакеі і правал зборнай

Лукашенко, Тимановская, Басков: как падал белорусский спорт в хронологии 2021
Санкцыёнка на паліцах / Еўрарадыё

Дзякуючы грамадскай актыўнасці і закліканню да салідарнасці з беларускім народам два галоўныя спонсары Skoda і Nivea адмовіліся спансаваць чэмпіянат свету па хакеі, калі ён пройдзе ў Беларусі.

Праз чатыры дні пасля візіту ў Мінск і абдымкаў з Лукашэнкам кіраўнік IIHF Рэнэ Фазэль пераабуўся і замест папярэдняга "мы не разглядаем варыянт пераносу чэмпіянату свету па хакеі з Беларусі" ён сказаў, што "павінен адбыцца цуд, каб ЧС па хакеі прайшоў у Беларусі". Вядома, складана, калі ключавыя спонсары, такія як Nivea і Skoda, адмаўляюцца фінансаваць чэмпіянат свету.

Дый замест таго каб сабраць волю ў кулак і "адпомсціць" гульнявымі вынікамі, зборная Беларусі прайграла ўсе матчы, акрамя аднаго. У Рызе мэр памяняў дзяржаўны сцяг Беларусі на бел-чырвона-белы, а пад фінал турніру каманда атрымала сенсацыйную паразу ад зборнай Вялікабрытаніі.
 

Крымінальныя справы супраць спартсменаў

Лукашенко, Тимановская, Басков: как падал белорусский спорт в хронологии 2021
Аляксей Кудзін у судзе ў Маладзечне, 2020 год / З архіву rh.by

У 2021 годзе было адразу некалькі гучных прысудаў. Самы гучны быў нават міжнародны: чэмпіёна свету па кікбоксінгу сярод прафесіяналаў Аляксея Кудзіна затрымліваюць у Маскве і экстрадуюць у Беларусь, нягледзячы на забарону Еўрапейскага суда па правах чалавека. У Беларусі — прысуджаюць 2,5 года калоніі.

Гульцу "Мінскіх зуброў" Расціславу Стэфановічу сёлета абвясцілі прысуд — восем гадоў калоніі ўзмоцненага рэжыму.

Расціславу Шавелю, экс-футбалісту "Гарадзеі", далі тры гады хатняй хіміі. Па словах Расціслава, ён звязвае гэта са сваёй медыйнасцю: ён адкрыта расказваў пра тое, што адбываецца, СМІ і ў інтэрнэце. Яго інтэрв'ю ютуб-каналу "Чеснок" сабрала больш за 120 тысяч праглядаў.
 

Аляксандру Івуліну пагражае да чатырох гадоў

Лукашенко, Тимановская, Басков: как падал белорусский спорт в хронологии 2021
Аляксандр Івулін / TUT.by

Дарэчы, пра "Чеснок". У 2021 годзе матэрыялы гэтага канала афіцыйна прызнаныя экстрэмісцкімі, а справа аўтара канала перададзеная ў суд.

Івуліна абвінавачваюць сярод іншага ў тым, што ён на сваім ютуб-канале нібыта "размяшчаў відэазапісы пабуджальнага характару, каб стварыць негатыўную ацэнку дзейнай улады, дыскрэдытаваць палітычнае і сацыяльнае становішча ў краіне".

Пракуратура кваліфікуе дзеянні па ч. 1 арт. 342 Крымінальнага кодэкса Рэспублікі Беларусь, парушэнне якой прадугледжвае арышт, або абмежаванне волі на тэрмін ад двух да пяці гадоў, або пазбаўленне волі на тэрмін да чатырох гадоў.

Нармалізацыя спартыўных СМІ

Але не адным Івуліным адзначыліся. У 2021 годзе спартыўная газета "Прессбол" развіталася з заснавальнікам — Дзмітрыем Беленькім, журналістам Вячаславам Федарэнкавым і іншымі супрацоўнікамі. Спартыўны сайт "Трибуна" прызнаны экстрэмісцкім.
 

Правал беларускага футбола

Лукашенко, Тимановская, Басков: как падал белорусский спорт в хронологии 2021
Болельщики ФК "Динамо" / Еврорадио

Зборная Беларусі не згуляла ніводнага матча дома — вынік авіяцыйных санкцый: ні адзін самалёт не лётае ў Беларусь, а ўсе міжнародныя матчы праходзяць у Расіі. У выніку: апошняе месца ў групе ў кваліфікацыі на чэмпіянат свету і паданне на пяць пазіцый у рэйтынгу ФІФА.

У клубным футболе салідарнасць са зборнай: усе беларускія клубы дружна вылецелі пасля першага раўнда кваліфікацыі ў еўракубках.

Дэпартацыя Базанава з Чэхіі

Лукашенко, Тимановская, Басков: как падал белорусский спорт в хронологии 2021
Уладзімір Базанаў (у цэнтры) / З архіву БЕЛТА

У лістападзе кіраўніка Беларускай федэрацыі футбола Уладзіміра Базанава разам з жонкай выслалі з Чэхіі. Дзівосная гісторыя.

Іх затрымалі 30 лістапада праз "падазрэнне ў парушэнні мер абароны, якія ўсталявала Міністэрства аховы здароўя". Кіраўнік федэрацыі прыехаў у гэтую краіну, каб наведаць матч жаночай зборнай Беларусі з мясцовымі футбалісткамі, які ў выніку адмянілі праз станоўчыя тэсты на каранавірус у некалькіх беларусак.

Шэраг чэшскіх палітыкаў да гэтага зрабіў заявы пра тое, што прыхільніку Аляксандра Лукашэнкі "няма чаго рабіць у Еўропе". А Святлана Ціханоўская нагадала, што Базанаў — "чалавек, які мае непасрэднае дачыненне да рэпрэсій у беларускім футболе". Уладзімір Базанаў — фігурант "чорнага спіса" краін Балтыі.
 

Расследаванне ў UEFA

Пад канец года аўтарытэтная футбольная арганізацыя FIFPRO, якая аб'ядноўвае прадстаўнікоў прафесійных футбалістаў з усяго свету, азнаёмілася з матэрыяламі справы аб дыскрымінацыі, якая здзяйсняецца Беларускай федэрацыяй футбола, уключаючы прадстаўленыя Фондам спартыўнай салідарнасці ва УЕФА заявы з апісаннем такіх парушэнняў і доказаў да іх.

І выпусціла некалькі рэкамендацый. Гэта не канчатковы вынік батлу Фонду спартыўнай салідарнасці/BSSF з UEFA, але дадатковая падмога.
 

Найгоршы вынік на Алімпіядзе ў Токіа

Лукашенко, Тимановская, Басков: как падал белорусский спорт в хронологии 2021
Вольга Мазуронак на марафоне ў Токіа / Reuters

"Алімпійская зборная Беларусі заняла 45-е месца ў медальным заліку такійскіх Гульняў. У актыве беларускіх спартсменаў усяго сем узнагарод, гэта найгоршы вынік на летніх Гульнях", — так не пасаромеліся напісаць нават у БЕЛТА. Хоць міністр спорту Кавальчук уключыў твар Гаральда, які хавае боль, і ацаніў вынікі станоўча.

"Вазьміце Літву, Латвію, Эстонію: колькі яны ўзялі медалёў? Колькі Украіна выйграла залатых медалёў? Усяго адзін. Казахстан — восем бронзавых. Азербайджан — сем медалёў... Я б паставіў нашай зборнай здавальняюча з плюсам маленькім", — сказаў тады Кавальчук у эфіры дзяржаўнага тэлеканала.
 

Скандал з Ціманоўскай

Лукашенко, Тимановская, Басков: как падал белорусский спорт в хронологии 2021
Крысціна Ціманоўская​ / facebook.com

І самая гучная гісторыя года. Гісторыя выгнання з Алімпіяды беларускай бягухі Крысціны Ціманоўскай. Яе крытыка на адрас спартыўных чыноўнікаў і іх рэакцыя на гэта скаланулі ўвесь свет.

У аэрапорт, адкуль спартсменку ледзь сілай не адправілі на Радзіму, прыязджае японская паліцыя. Пазней Ціманоўская паведамляе, што яна ў бяспецы, прадстаўнікі беларускай дыяспары гатовыя даць дзяўчыне жыллё, пазней з'яўляецца інфармацыя, што спартсменка можа папрасіць палітычнага прыстанішча ў Чэхіі і Польшчы.

"Здзіўленая, што ўся сітуацыя стала такім палітычным скандалам, таму што яна датычылася толькі спорту", — заявіла беларуская бягуха Крысціна Ціманоўская на прэс-канферэнцыі ў Варшаве, куды прыляцела пасля скандалу на Алімпійскіх гульнях у Токіа.

"Але калі сур'ёзна, гэта гісторыя не толькі пра механізмы работы нашай дзяржавы, але і пра рэпутацыю. Калі б спартыўныя чыноўнікі любой іншай краіны, акрамя Беларусі і, напэўна, КНДР, вырашылі давезці да аэрапорта спартсмена, знятага з Гульняў за рознагалоссі са сваім начальствам, ніхто б нават не звярнуў увагі. А ў нашым выпадку ўсім нават у далёкай Японіі ясна, што можа пагражаць Ціманоўскай у краіне — донару еўрапейскай бяспекі", — так ёміста апісваў гэтую гісторыі эксперт Арцём Шрайбман.

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі