Вы тут

Кіраўнік Федэрацыі хакея Беларусі Дзмітрый Баскаў дыскваліфікаваны на 5 гадоў

Дзмітрый Баскаў / sb.by

Кіраўнік Федэрацыі хакея Беларусі Дзмітрый Баскаў дыскваліфікаваны на 5 гадоў. Пра гэта паведамляе Міжнародная федэрацыя хакея. Ён адхілены ад усіх відаў хакейнай дзейнасці і на нацыянальным, і на міжнародным узроўні.

Рашэнне было прынятае пасля 10-месячнага расследавання, якое праводзіў дысцыплінарны савет. Было прызнана, што Баскаў парушыў кодэкс паводзін федэрацыі: пагражаў беларускім спартсменам і дыскрымінаваў іх з-за палітычных перакананняў, а таксама злоўжываў сваімі службовымі паўнамоцтвамі для падтрымкі Аляксандра Лукашэнкі.

Тэрмін дыскваліфікацыі пачнецца 10 верасня.

У ФХБ заявілі, што рашэнне аб дыскваліфікацыі было прынята "пад ціскам", а Баскаў не пакіне пасаду старшыні.

7 снежня 2020-га Міжнародны алімпійскі камітэт увёў санкцыі ў дачыненні да Нацыянальнага алімпійскага камітэта Беларусі за тое, што "кіраўніцтва НАК належным чынам не абараніла беларускіх спартоўцаў ад палітычнай дыскрымінацыі". Абранне ў НАК Баскава не было прызнанае. Старшыня Федэрацыі хакея Беларусі трапіў пад часовыя санкцыі ў тым ліку "з улікам канкрэтных абвінавачванняў, вылучаных супраць яго". Маецца на ўвазе справа аб гібелі пратэстоўца Рамана Бандарэнкі. Баскава падазраюць у тым, што ён прысутнічаў на Плошчы Пераменаў у Мінску ў складзе групы невядомых, якія затрымалі Бандарэнку.

Баскаў з'яўляецца старшынём Федэрацыі хакея Беларусі з верасня 2020 года. Таксама ён уваходзіць у назіральны савет ХК "Дынама" (Мінск).

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.