Лукашэнка: Беларускі жаночы тэніс хутка гучна пра сябе заявіць

Лукашэнка: Беларускі жаночы тэніс хутка гучна пра сябе заявіць

12 лістапада Аляксандр Лукашэнка правёў сустрэчу з прэзідэнтам Міжнароднай федэрацыі тэніса (ITF) Дэвідам Хагерці і кіраўнікамі шэрагу нацыянальных тэнісных федэрацый і міжнародных спартыўных аб'яднанняў.

Размова адбылася паміж фінальнымі гульнямі Кубка Федэрацыі, якія праходзілі ў Мінску. Нагадаем, што беларускія тэнісісткі прайгралі амерыканкам з лікам 2:3. 

"Цвёрда вам абяцаю як кіраўнікам міжнароднага тэніса, еўрапейскага, расійскага, велізарным аматарам тэніса, што мы хутка, у крайнім выпадку — у жаночым тэнісе, пра сябе гучна заявім. Спадзяюся, яшчэ і Азаранка сваё слова скажа", — перадае словы Лукашэнкі яго прэс-служба.

Як добрую з'яву ён адзначыў прыезд у Беларусь найлепшых тэнісістак Злучаных Штатаў. "Я сваім дзяўчынкам напярэдадні так і сказаў, што яны зрабілі велізарны крок наперад і ўпершыню ў гісторыі Беларусі тое, што не мог ніхто ніколі да іх зрабіць: прывезлі сюды найлепшых тэнісістаў з самай тэніснай краіны", — пахваліў Лукашэнка.

Беларускі кіраўнік заявіў, што гэта дасць добры штуршок развіццю тэніса ў нашай краіне, пагатоў што наша каманда яшчэ зусім маладая і нявопытная. Як прыклад ён згадаў выступ Арыны Сабаленка супраць Кока Вандэвеге. На думку Лукашэнкі, беларуска мела шанцы выйграць гульню, але ёй бракавала досведу. Разам з тым ён дадаў, што Сабаленка мае перад сабой вялікую будучыню, "калі яна будзе над сабой працаваць".

На сустрэчы таксама прысутнічалі старшыня Беларускай тэніснай федэрацыі Сяргей Цяцерын, прэзідэнт Тэніснай асацыяцыі ЗША Катрына Адамс, прэзідэнт Федэрацыі тэніса Францыі Бернард Гвадзічэлі, прэзідэнт Федэрацыі тэніса Расіі Шаміль Тарпішчаў, прэзідэнт Еўрапейскай тэніснай федэрацыі, старшыня апякунскай рады Федэрацыі тэніса Расіі Уладзімір Дзмітрыеў і прэзідэнт Асацыяцыі міжнародных федэрацый летніх алімпійскіх відаў спорту Франчэска Рычы-Біці.

Напрыканцы сустрэчы Лукашэнку падарылі копію Кубка Федэрацыі — галоўнага трафея самага буйнога міжнароднага каманднага турніру ў жаночым тэнісе.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі