Вы тут

Лукашэнка асабіста займаецца нафтай, сам выйшаў на міністра энергетыкі Расіі

Аляксандр Лукашэнка / Reuters

31 снежня Аляксандр Лукашэнка асабіста займаўся вырашэннем праблемы з "нафтавым крызісам". Беларусь не мае дамоўленасцяў аб пастаўках расійскай нафты ў 2020 годзе. Інфармагенцтва Reuters паведаміла пра пагрозу спынення Расіяй з 1 студзеня паставак нафты. Верагодна, пра гэта ж папярэдзіў беларускага кіраўніка Уладзімір Пуцін, які патэлефанаваў 31 снежня. Пасля гэтага Лукашэнка тэрмінова склікаў нараду з кіраўніцтва нафтахімічнага комплексу, даў даручэнні ў найбліжэйшыя гадзіны дасягнуць дамоўленасцяў пра пастаўкі расійскай нафты і арганізаваць альтэрнатыўныя яе пастаўкі (праз краіны Балтыі і Польшчу). Стаіць задача забяспечыць беларускія НПЗ сыравінай.

Як інфармуе БЕЛТА, Аляксандр Лукашэнка патэлефанаваў расійскаму прэм'ер-міністру Дзмітрыю Мядзведзеву. Яны гаварылі пра адсутнасць кантрактаў на пастаўку ў Беларусь з Расіі нафты і газу ў наступным годзе. Нібыта, была дасягнута дамоўленасць "аб арганізацыі канкрэтнай працы па пастаўках вуглевадароднай сыравіны ў Беларусь" (гэта значыць без кантрактаў). Але пасля гэтага Лукашэнка патэлефанаваў міністру энергетыкі Расіі Аляксандру Новаку! Ён узяў на сябе вырашэнне праблемы і абмяркоўваў "канкрэтныя графікі і кампаніі", якія будуць пастаўляць нафту ў нашу краіну.

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.