LOVE TO «BEATLES» – FOREVER!

7 чэрвеня ў Лагойску адбудзецца V Міжнародны музычны фэст «Бітлз – назаўсёды!». «Бітлз – назаўсёды!» – знакавая падзея не толькі для Беларусі, але і для Расіі, Украіны, Прыбалтыкі і розных краін свету. З кожным годам фестывальны маштаб імкліва пашыраецца – як па колькасці публікі і геаграфіі ўдзельнікаў, так і ў сэнсе міжнародна-культурнага рэзанансу.

Калі дэбютны фэст 2004 г. на адкрытай пляцоўцы «Белэкспа» сабраў 3 тысячы гледачоў, то год таму свята ў спорткомплексе «Лагойск» з’яднала каля 14 тысяч меламанаў!

«Па колькасці цікавых і прафесійных калектываў мы гатовыя праводзіць ужо двухдзённы форум, – зазначыў заснавальнік і прадзюсар фестывалю Віктар Маразевіч. – Аднак па пытаннях арганізацыі і інфраструктуры мы да гэтага яшчэ не дараслі».

Такім чынам, у сёлетнім фэсце ўдзельнічаюць:

1. Double Fantasy (Беларусь, Мінск). Дуэт нашых знакамітых гітарыстаў – Уладзіміра Ткачэнкі, аранжыроўшчыка Дзяржаўнага канцэртнага аркестра пад кіраўніцтвам М. Фінберга і Віктара Малчанава, гітарыста гурта «Песняры», які з самага пачатку задаў высокую прафесійную планку «Бітлз-фэсту».

2. Artefact (Беларусь, Мінск). Гурту столькі ж год, колькі і фестывалю – пяць. У рэпертуары калектыву – класічныя рок-кампазіцыі.

3. «Квінт-Ю» (Расія, Сергіеў-Пасад). Гурт мае вялікі вопыт выступленняў на разнастайных фестывалях і мерапрыемствах, прысвечаных памятным датам «Beatles».

4. Puttin’ On The Beatles Style (Расія, Санкт-Пецярбург). Выканаўчая манера калектыву вельмі нязвыклая – музыканты граюць кавер-версіі бітлоўскіх хітоў на … баянах.

5. The Prellies (Вялікабрытанія, Бірмінгем). Рэпертуар гурта складаюць песні, якія «Бітлз» выконвалі ў Гамбурзе і Ліверпулі на пачатку 60-х. Выканаўцы імкнуцца граць у манеры, набліжанай да «The Beatles» – хуткага, хвалюючага рок-н-рола.

6. The Beatlemaniacs (Вялікабрытанія, Ліверпуль). Група не проста выконвае песні «Бітлз», а стварае сапраўднае касцюмаванае шоў. На «Бітлз-фэсце» гурт прадэманструе шоў «Sgt. Pepper & Magical Mystery Tour».

7. Liquid Blue (ЗША, Сан-Дыега). Гэты прафесійны калектыў з унікальнымі галасамі на сённяшні дзень гастраляваў у ста краінах шасці кантынентаў свету. Гурт атрымаў бясконцасць узнагарод, аднак этапнымі ў сваёй творчасці музыканты лічаць прызнанне лепшай танц-групай ЗША і лепшым кавер-гуртом Сан-Дыега.

Цырымонія адкрыцця фестывалю адбудзецца ў САК «Лагойск» у 14 гадзін. Уваход на фэст – вольны! Арганізатары сцвярджаюць, што праблем з транспартам не будзе. З аўтавакзала «Маскоўскі» да Лагойска напрацягу дня будуць курсаваць аўтобусы, а ў самім горадзе з’явяцца дадатковыя паркоўкі.

Фота: etominsk.land.ru

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі