Літва і Малдова ўводзяць рэжым надзвычайнага становішча

Харкаў 24 лютага 2022 года / @uniannet
Харкаў 24 лютага 2022 года / @uniannet

Літва і Малдова ўводзяць рэжым надзвычайнага становішча ў сваіх краінах у сувязі з пачаткам ваеннай аперацыі Расіі ва Украіне.

Прэзідэнт Літвы Гітанас Наўседа ўжо падпісаў адпаведны дэкрэт. Найбліжэйшым часам на пазачарговай сесіі гэта рашэнне зацвердзіць Сейм.

"Мы ацанілі абставіны і вымушаныя распачаць прававыя меры для забеспячэння сваёй знешняй бяспекі",цытуе Наўседу агенцтва Delfi.

Гэтую заяву ён зрабіў пасля пасяджэння Дзяржсавета па абароне. Там таксама было вырашана, што "Літва звернецца ў НАТА з нагоды актывацыі чацвёртага артыкула" Паўночнаатлантычнай дамовы. Гэтая норма прадугледжвае скліканне Паўночнаатлантычнай рады для кансультацый, калі адна з краін блока лічыць, што існуе пагроза яе бяспецы.

Прэзідэнт Малдовы Мая Санд таксама просіць парламент увесці рэжым надзвычайнага становішча.  Пра гэта яна паведаміла па выніках пасяджэння Найвышэйшага савета бяспекі.

Па яе словах, яна таксама "распарадзілася ўзмацніць працу патрульных падраздзяленняў МУС, каб пазбегнуць магчымых правакацый". Дзяржорганы Малдовы таксама працуюць у рэжыме надзвычайнага здарэння. 

Мінулай ноччу прэзідэнт Расіі Уладзімір Пуцін абвясціў аб пачатку "спецыяльнай ваеннай аперацыі". Пасля чаго пачалося ўварванне расійскіх войскаў ва Украіну. Выбухі чуваць у Кіеве, Адэсе, Харкаве, Марыупалі, Краматорску, Бярдзянску. Ідуць баі на Данбасе.

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі