Вы тут

"Дзень ганьбы Расіі". Рэакцыя дзяржаў на ўварванне РФ ва Украіну

Прэзідэнт ЗША Джозэф Байдэн / ДРУ АНГЕРЭР / GETTY IMAGES

24 лютага 2022 года Расійская Федэрацыя пачала вайну супраць Украіны. Сусветная грамадскасць адрэагавала неадкладна. "Гэта жудасны дзень для Украіны і змрочны дзень для Еўропы. Напад Расіі на Украіну — абуральнае парушэнне міжнароднага права", — выказаўся канцлер Германіі Олаф Шольц. "Прэзідэнт Пуцін абраў наўмысную вайну, якая прывядзе да катастрафічных страт жыццяў і чалавечых пакут", — заявіў прэзідэнт ЗША Джозэф Байдэн. Пра напад РФ выказалася і кіраўніца МЗС ФРГ Аналена Бербак: "Сусветная супольнасць не забудзе Расіі дзень гэтай ганьбы".

Енс Столтэнберг рашуча асудзіў "вар'яцкі і несправакаваны напад" Расіі на Украіну. "НАТА правядзе экстраннае пасяджэнне. Расія павінна неадкладна спыніць ваенныя дзеянні і паважаць суверэнітэт і тэрытарыяльную цэласнасць Украіны", — заявіў ён.

Генеральны сакратар ААН Антоніу Гутэрыш заклікаў Расію неадкладна спыніць агрэсію супраць Украіны і вярнуць войскі, каб не дазволіць здарыцца "найгоршай з пачатку стагоддзя вайне ў Еўропе".

Прэм'ер Вялікабрытаніі Борыс Джонсан: "Прэзідэнт Пуцін абраў шлях праліцця крыві і разбурэння, пачаўшы несправакаваны напад на Украіну. Вялікабрытанія і нашы хаўруснікі адкажуць рашуча".

"Нашы думкі — з Украінай, нявіннымі жыхарамі — жанчынамі, мужчынамі і дзецьмі; Еўрасаюз прыцягне Крэмль да адказнасці", — кажа старшыня Еўракамісіі Урсула фон дэр Ляен.

Баявыя дзеянні ва Украіне / One News Украіна

У Міністэрстве эканомікі Германіі заявілі, што пасля ваеннай аперацыі Расіі ва Украіне Германія павінна будзе купляць газ і вугаль у іншых краінах. Таксама там падкрэслілі, што ў кароткатэрміновай і сярэднетэрміновай перспектыве запуск "Паўночнага патоку — 2" немагчымы. МЗС Брытаніі выказалася пра ваенную дапамогу НАТА: "Украіна не сябра НАТА, але мы будзем дапамагаць ім у самаабароне".

"Мы, міністры замежных спраў Літвы, Эстоніі і Латвіі, самым рашучым чынам асуджаем адкрытую буйнамаштабную агрэсію Расіі супраць незалежнай, мірнай і дэмакратычнай дзяржавы Украіна", — пішуць у афіцыйным твітар-акаўнце МЗС Літвы.

У заяве адміністрацыі прэзідэнта Турцыі заяўляюць, што пранікненне расійскіх войскаў на тэрыторыю Украіны разглядаюць як "ваеннае ўмяшанне".

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.