Вы тут

Літва адмовіла Генпракуратуры Беларусі ў допыце экс-прэзідэнта Адамкуса

Валдас Адамкус / Reuters

Генеральная пракуратура Літвы адмовіла Генпракуратуры Беларусі ў допыце экс-прэзідэнта Валдаса Адамкуса, паведамляе прэс-служба беларускага ведамства.

Работнікі беларускай пракуратуры звярнуліся да літоўцаў у рамках расследавання генацыду насельніцтва Беларусі ў часы Другой сусветнай вайны. У Беларусі лічаць, што  Валдас Адамкус у тыя часы меў дачыненне да літоўскіх карных батальёнаў, якія дзейнічалі ў Беларусі пад нацысцкім кіраўніцтвам. 

Літва адмовілася ад супрацы па гэтай справе, бо, як заяўляюць у Генпракуратуры Беларусі, "гэта, на яе думку, можа нанесці шкоду іх суверэнітэту або бяспецы, правам і законным інтарэсам грамадзян". Беларускія чыноўнікі заяўляюць, што Літва такім чынам "фактычна спрыяе ўкрывальніцтву нацысцкіх злачынцаў ад правасуддзя".

Запыт у Літву быў дасланы сёлета ў чэрвені. Валдас Адамкус назваў яго абсурдам і заявіў, што не ведае людзей, пра якіх кажа Генпракуратура Беларусі: "Я нават не ведаю, што такія арганізацыі ўвогуле існавалі, уяўлення не маю, што яны рабілі і хто гэтыя людзі". На яго думку, афіцыйны Мінск учыняе правакацыі, каб "адцягнуць увагу ад барацьбы беларусаў за свабоду".

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.