Літоўскі юрыст перадае інфармацыю пра беларусаў прапагандыстцы з БТ

Літоўскі юрыст Мантас Данелюс укараняецца ў беларускія эмігранцкія арганізацыі і перадае інфармацыю прапагандыстцы з БТ Ксеніі Лебедзевай. Пра гэта гаворыцца ў расследаванні, які публікуе "Наша Ніва".

У прыватнасці, сцвярджае "НН", менавіта Данелюс зрабіў гутарку з былым "каліноўцам" Віктарам Савічам, якая выйшла на БТ. Сам баец казаў, што яго прасілі адказаць на пытанні нібыта для амбасады ЗША.

Літовец не хавае сваю супрацу з дзяржаўнымі СМІ Беларусі. Ён даваў каментары ў якасці юрыста на тэлеканале "Беларусь 1", у прыватнасці, па "справе Аўтуховіча". 

Мужчына кажа, што Лебедзева яму падабаецца як жанчына, таму ён дапамагае ёй у працы, прычым — бясплатна: "З Ксеніяй Лебедзевай мы пазнаёміліся ў Паланзе задоўга да пандэміі. Яна здымала там відэа аб рэгулярных рэйсах "Белавія". Паколькі я свабодна размаўляю па-руску, дапамагаў ёй выконваць абавязкі журналіста. Ксенія прыняла іслам, у мяне таксама шмат сяброў-мусульман, яшчэ мы абое аднаго знака задыяку, розніца ў гадах невялікая. Гэта больш падобна да сімпатыі мужчыны да жанчыны, чым да супрацы".

Паколькі Літва і Беларусь не знаходзяцца ў варожых стасунках, праблемы ў такой супрацы ён не бачыць.

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.