Лідскія памежнікі абстралялі УАЗ з кантрабанднымі цыгарэтамі

Лідскія памежнікі абстралялі УАЗ з кантрабанднымі цыгарэтамі

Пагоню са стралянінай зладзілі памежнікі Лідскага атрада 26 красавіка ў Воранаўскім раёне Гродзеншчыны. 

Як паведамляе прэс-служба Дзяржаўнага памежнага камітэта, памежнікі паспрабавалі спыніць УАЗ для праверкі дакументаў. Аднак кіроўца толькі павялічыў хуткасць і паспрабаваў уцячы. 

Падчас пагоні памежнікі паспрабавалі прыціснуць аўтамабіль правапарушальнікаў да ўзбочыны. Аднак кіроўца-ўцякач не спыняўся і нават імкнуўся тараніць транспарт пераследнікаў. Тады было вырашана ўжыць зброю: спярша яны стралялі для папярэджання ў паветра, а потым — па колах. Толькі пасля гэтага УАЗ спыніўся ў полі. Пасля гэтага з аўтамабіля выскачылі людзі ў масках, якія спрабавалі схавацца ў лесе. 

Памежнікі выявілі ўцекачоў — гэта былі два жыхары Воранаўскага раёна. У салоне кінутага аўтамабіля знайшлі 30 корабаў беларускіх цыгарэтаў, падрыхтаваных да перапраўкі праз мяжу.

На правапарушальнікаў пачалі адміністрацыйную справу за непадпарадкаванне законнаму распараджэнню ці патрабаванню службовай асобы дзяржаўнага органа пры выкананні ім службовых паўнамоцтваў. Ім пагражае штраф ад 460 да 1150 рублёў (ад 20 да 50 базавых) або адміністрацыйны арышт. Канчатковую меру адказнасці вызначыць суд. 

Затрыманы УАЗ і кантрабандныя цыгарэты перададзеныя ў падатковую інспекцыю па Воранаўскім раёне.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі