Лекар: Успышкі на Сонцы уплываюць і на маладых, калі ёсць праблемы са здароўем

Лекар: Успышкі на Сонцы уплываюць і на маладых, калі ёсць праблемы са здароўем

Найбольш успышкі і магнітныя буры на Сонцы ўплываюць на людзей, якія хварэюць.

Чацвёртую за тыдзень успышку заўважаюць астраномы на Сонцы.  Самі сполахі па сіле часам дасягаюць 9,8 балаў па дзесяцібальнай шкале.

Па словах астраномаў, такую актыўнасць на Сонцы не назіралі больш за 12 гадоў. Вынікам сполахаў сталі сейсмічныя хвалі, якія таксама называюць "сонцатрусам".

Што гэта значыць для здароўя людзей, гутарым з лекарамі і астролагамі.

Алена, лекар-кардыёлаг:

“У медыцыне ёсць дзве тэорыі: адны лічаць, што такія метэаралагічныя з’явы ўплываюць на здароўе людзей, іншыя — не. Калі глядзець па пацыентах, то сёння у мяне на прыёме было шмат людзей. Я займаюся арытміямі, і сёння было шмат людзей, якія на гэта скардзіліся. Тое ж я заўважала, калі працавала ў бальніцы. Уплыў такіх з’яваў на здароўе больш звязаны з наяўнасцю нейкай хваробы, чым з узростам. Але з узростам у чалавека накопліваецца больш хваробаў. Калі ў маладога чалавека ёсць праблемы са здароўем, то ён таксама будзе адчуваць уплыў.

Чалавек мае вегетатыўную нервовую сістэму, якая рэгулюе працу ўсіх унутраных органаў, і на гэтую сістэму ўплываюць знешнія фактары: стрэс, магчымасць выспацца, у тым ліку метэаралагічныя з’явы. На надвор’е мы ніяк паўплываць не можам, але ў дні такіх успышак можна адмовіцца ад палення, ужывання алкаголю, сачыць за рэжымам дня і пазбягаць стрэсавых фактараў. Бо на гэтыя фактары мы можам паўплываць”.

Алена Шышко, эндакрынолаг, кандыдат медыцынскіх навук:

“На такія успышкі будуць рэагаваць людзі метэазалежныя. У іх можа павысіцца ціск, можа быць галаўны боль. Людзі з залішняй вагой таксама амаль усе метэазалежныя. Калі чалавек на гэты момант хворы, тады ўплыў праявіцца больш. У такія перыяды трэба лепш кантраляваць ціск, таксама можна панізіць фізічную актыўнасць, прымаць больш лёгкую ежу”.

Уладзімір Васюк, астролаг:

“Людзі метэазалежныя падпадаюць пад такія з’явы, як магнітныя буры, успышкі на Сонцы. Іх эмацыйны стан, адчуванні, паводзіны змяняюцца ў такія перыяды. Для іх добра прыняць ванну, пазбягаць натоўпу, пабыць у спакойнай абстаноўцы. Ніякіх касак з алюмінію не трэба. Проста, калі адчуваецца нейкі неспакой, зашмат эмоцый, трэба памятаць, што гэта ўздзеянне такіх успышак. Тады чалавеку важна прыняць меры, якія могуць паменшыць усплёск эмоцый. Для аднаго гэта ежа, для іншага прагулка па парку ці нешта іншае”.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі