Вы тут

Лаўроў ляціць у Мінск абмеркаваць інтэграцыю і адносіны з ЕС

Сяргей Лаўроў / Reuters

Міністр замежных спраў Расіі Сяргей Лаўроў ляціць у Мінск з двухдзённым візітам 25-26 лістапада. Нагода — удзел у сумеснай калегіі МЗС Беларусі і Расіі, як распавядала ў канцы мінулага тыдня афіцыйны прадстаўніца расійскага знешнепалітычнага ведамства Марыя Захарава. Яе брыфінг трансляваўся па тэлебачанні.

Захарава расказала, што ў праграме візіту ёсць таксама і сустрэча з Аляксандрам Лукашэнкам. Бакі абмяркуюць сітуацыю ў рэспубліцы, інтэграцыю і міжнародную сітуацыю, у прыватнасці, стан адносін з Еўрасаюзам і ўзаемадзеянне ў галіне міжнароднай інфармацыйнай бяспекі.

Пасля выбараў у Мінску пабываў ужо цэлы шэраг высокапастаўленых расійскіх чыноўнікаў. Да Лукашэнкі прыязджалі міністр абароны Сяргей Шайгу і дырэктар службы знешняй разведкі Расіі Сяргей Нарышкін. Акрамя таго, у верасні Лукашэнка лётаў на сустрэчу ў Сочы з расійскім прэзідэнтам. Пра што яны дамовіліся, толкам невядома, па выніках сустрэчы не было ніякіх заяў.

Расія прызнала вынікі прэзідэнцкіх выбараў у Беларусі. Аднак з цягам часу танальнасць расійскіх СМІ і выказванняў чыноўнікаў стала змяняцца. 22 кастрычніка Уладзімір Пуцін заявіў, што магчымым шляхам вырашэння палітычнага крызісу ў Беларусі могуць быць змены ў Канстытуцыю.

13 лістапада прэс-сакратар расійскага прэзідэнта Дзмітрый Пяскоў сказаў, што "мы падтрымліваем не Аляксандра Рыгоравіча, мы падтрымліваем легітымнага прэзідэнта нашай брацкай краіны. І мы падтрымліваем законнасць у нашай брацкай краіне". У гэтыя ж дні стала вядома пра сустрэчу пастаяннага прадстаўніка Расіі пры ААН Васіля Нябензі са Святланай Ціханоўскай.

"Мы гатовыя размаўляць з усімі. Праходзіла такая "формула Арыа", арганізавалі яе эстонцы. Так, там была Ціханоўская. Мы паразмаўлялі", — патлумачыў тады расійскі прадстаўнік.

facebook.com/belarusmfa/

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.