Вы тут

Латвія забараніла ўезд кіраўніку ФХРБ Баскаву і кікбаксёру Шакуту

Дзмітрый Баскаў / hockey.by

Латвія ўнесла ў спіс неўязных кіраўніка Федэрацыі хакея Беларусі Дзмітрыя Баскава і вядомага кікбаксёра Дзмітрыя Шакуту. Адпаведнае рашэнне падпісаў міністр замежных спраў краіны Эдгарс Рынкевічс.

У сваім допісе ў Твітары кіраўнік латвійскай дыпламатыі патлумачыў гэтае рашэнне:

"На падставе пункта 2 артыкула 61 Закона аб іміграцыі я прыняў рашэнне аб уключэнні двух грамадзян Беларусі ў спіс асоб, непажаданых для Латвійскай Рэспублікі, усталяваўшы забарону на ўезд у Латвію на нявызначаны тэрмін. Цытата з клясыка: "Такі хакей нам не патрэбны!".

Разам з Літвой і Эстоніяй мы хутка пашырым чорныя спісы, уключыўшы ў іх тых, хто працягвае жорстка душыць мірныя пратэсты ў Беларусі".

Як паведамлялася раней, людзей, падобных да Баскава і Шакуты, бачылі пры збіцці і затрыманні загінулага Рамана Бандарэнкі.

Між тым, у траўні 2021 года Латвія і Беларусь павінны разам правесці чэмпіянат свету па хакеі. У бліжэйшыя дні Савет ІІХФ можа прыняць рашэнне наконт пераносу турніру з Беларусі.

Людзі, падобныя да Баскава і Шакуты на Плошчы Перамен
Рашэнне Рынкевічса пра ўнясенне Баскава і Шакуты ў чорны спіс

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.