Лагойская чыноўніца незаконна ператварыла гатэльны "люкс" у сваё жытло

Як піша "Ежедневник", намесніца старшыні Лагойскага райвыканкама па эканоміцы Ліяна Хмуровіч аддала незаконнае распараджэнне, каб выканкам перавёў у жылы фонд нумар-"люкс" ведамаснага гатэля "Алімп".



Чыноўніца не мела жылля ў горадзе і не захацела жыць ні ў інтэрнаце, ні ў арандаванай кватэры. Яна вырашыла пасяліцца ў двухпакаёвым нумары-"люкс". Такі нумар каштуе 450 тысяч рублёў у суткі. У месяц выходзіць каля 13,5 мільёнаў рублёў — каля 80% заробку чыноўніцы. Такую суму Хмуровіч плаціць не хацела, таму прыдумала перавесці нумары гатэля ў жылы фонд і надаць ім статус інтэрната. У выніку месячная плата стала складаць каля 200 тысяч рублёў. Гэта ў два разы менш, чым плаціць сярэднестатыстычны грамадзянін за камунальныя паслугі ў двухпакаёвай кватэры. Да таго ж, прыборка нумара і перамена бялізны засталіся ў кампетэнцыі гатэля.



Дапамагла Хмуровіч і іншым важным чыноўнікам раёна. У нумары гатэля засяліліся галоўны заатэхнік, дырэктар камбіната побытавага абслугоўвання ды іншыя важныя людзі. КДК налічыў пяць чалавек, якія незаконна пражывалі ў гатэлі каля паўтары года.



Матэрыялы КДК перададзеныя ў праваахоўныя органы, каб даць дзеянням чыноўнікаў прававую ацэнку. Аднак Хмуровіч і іншыя лагойскія чыноўнікі, якія незаконна пражывалі ў гатэлі, працягваюць займаць свае пасады.



Фота — realty.ej.by

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі