Курс еўра амаль параўняўся з курсам долара, як гэта адаб’ецца на беларусах

Нацыянальны банк на 13 сакавіка выставіў афіцыйны курс еўра да долара памерам 1,0596. А праз некалькі месяцаў, мяркуюць эксперты, еўра будзе каштаваць нават менш за долар — яго курс да амерыканскай валюты складзе 0,9 – 0,95. Год таму за адзін еўра ва ўсім свеце давалі 1,4-1,5 долара.

Еўрарадыё паразмаўляла з экспертамі і высветліла, як адаб’ецца на Беларусі і беларусах нечаканае падзенне еўрапейскай валюты.

На прыбытках ад гандлю з краінамі ЕС — амаль ніяк

Большая частка знешняга таваразвароту нашай краіны прыпадае на гандаль з Еўрасаюзам. Было б лагічна падумаць, што цяпер ён будзе прыносіць менш прыбытку. Аднак афіцыйны прадстаўнік “Альпары” ў Мінску, эканаміст і эксперт па валютных курсах Вадзім Іосуб кажа, што гэта зусім не так. Справа ў тым, што ў ЕС мы ў асноўным прадаём нафтапрадукты — бензін і дызпаліва. А разлікі па іх традыцыйна вядуцца ў доларах:

“У ЕС Беларусь прадае ў асноўным нафтапрадукты, разлікі па якіх традыцыйна вядуцца ў доларах. Па іншых таварах экспарт не такі вялікі і таму прамых наступстваў не будзе”.

Прыбыткі ад іншых тавараў, якія мы прадаём у ЕС, значна меншыя. Таму агульнай карціны значна не папсуюць.

А вось буйныя пакупкі і падарожжы ў краіны Еўрасаюза стануць значна таннейшымі.

Зусім іншая справа з пераменамі на побытавым узроўні. Асабліва добра іх адчуюць больш-менш забяспечаныя беларусы. Эканаміст Леанід Заіка мяруе, што моцна патаннеюць у доларавым эквіваленце (а менавіта ў доларах беларусы як правіла, захоўваюць зберажэнні) патрыманыя аўто з нямецкіх аўтахаусаў і нерухомасць:

“Еўрапейскія машыны становяцца больш таннымі — гэта таксама прыемна. Кошты на нерухомасць таксама”.

Правільнасць словаў эканаміста лёгка праверыць. Калі год таму мяняючы сто долараў у абменніку ў Берліне можна было атрымаць толькі 70 еўра, то цяпер — 94. Асабліва парадуе гэта турыстаў і аматараў з’ездзіць за пакупкамі. Таму што нават кошт шэнгенскай візы ў пераводзе на долары таксама знізіўся амаль на чвэрць. Шкада толькі, што рубель абваліўся яшчэ больш.

Што будзе з курсам рубля

А вось на курсе нашай нацыянальнай валюты змена суадносінаў курсаў еўра і долара не адаб’ецца. Па-першае, у кошык валют, да якога нібы прывязаны беларускі рубель, уваходзіць яшчэ і рубель расійскі і з нядаўняга часу яго курс мае куды большы уплыў на беларускую валюту, чым курс еўра і долара. А па-другое, падзенне еўра ўраўнаважнаваецца ростам долара. Таму перамены няўзброеным вокам заўважыць будзе немагчыма.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі