Вы тут

Купіце мапу і збярыце заплечнік. Эксперт пра тое, што рабіць, калі заўтра вайна

Фота pixabay.com

Еўрарадыё спытала ў эксперта, як дзейнічаць людзям у выпадку ўзброенага ўварвання.

Як кажа Ірына Земляна, медыяэкспертка і трэнер па бяспецы Інстытута масавай інфармацыі, самае важнае — гэта загадзя прадумаць, што канкрэтна чалавек будзе рабіць у розных сітуацыях.

— Напрыклад, у выпадку баявых дзеянняў у горадзе, дзе ён жыве. Варта загадзя вызначыцца, з'язджае ён ці застаецца. Зыходзячы з гэтага прапрацоўваецца план. Дапусцім, чалавек вырашыў застацца ў горадзе. Тады яму трэба дакладна ўяўляць, што ён будзе рабіць, калі пачнецца бамбаванне, стральба або, скажам, акупацыя. Пачалося бамбаванне. Вы бераце заплечнік і хутка ідзяце ў бамбасховішча.

Ірына рэкамендуе загадзя вывучыць, дзе знаходзіцца найбліжэйшае да вас бамбасховішча і шляхі перамяшчэння да яго. Мапа такіх месцаў у Кіеве ёсць у адкрытым доступе, яе лёгка можна знайсці ў інтэрнэце. Трэба пераканацца, што сховішча адчыненае, даведацца, колькі людзей яно можа змясціць. Можна прайсціся да яго або нават прабегчыся.

— Таксама трэба вызначыць самыя бяспечныя месцы ў сябе ў кватэры. На выпадак, калі, напрыклад, пачнецца стральба і вы не зможаце пакінуць жыллё. Ванны пакой і калідор — самыя надзейныя хованкі ў гэтым выпадку: там няма вокнаў, праз якія можа нешта заляцець, і апорныя сцены. Яшчэ бяспечным месцам можна лічыць лесвічную клетку. Толькі варта ўлічыць, што людзей там, хутчэй за ўсё, будзе шмат. Тым, хто жыве на высокіх паверхах, варта выйсці з кватэры на лесвічную клетку і спускацца паволі ўніз.

Калі ёсць час, можна паспрабаваць зрабіць сваю кватэру больш бяспечнай. Напрыклад, заляпіць скотчам шыбы, каб ад выбухаў або трапляння ў іх чаго-небудзь яны не вылецелі і не паранілі кагосьці.

— Такі ж план трэба пабудаваць на выпадак, калі страляць пачалі, калі вы знаходзіцеся на працы. Прадумайце і абмяркуйце гэтыя пытанні са сваімі сямейнікамі, з дзецьмі. Вызначыцеся, як і дзе вы збіраецеся, як перамяшчацца, якім чынам трымаеце сувязь, дзе шукаць дзіця. Даведайцеся, ці ёсць нейкі план у школы, дзе яно вучыцца, на такі выпадак, — пералічвае Ірына. — А яшчэ вы проста зараз можаце пачаць рыхтавацца фізічна на выпадак вайны. Напрыклад, пачаць трэніравацца. Таму што ў такіх сітуацыях фізічная цягавітасць вельмі важная.

Аднак эксперт агаворваецца, што гэта ўсяго толькі рэкамендацыі. "На самай справе ўніверсальных правілаў, якія спрацуюць стаадсоткава, няма. Трэба таксама ўлічваць канкрэтную сітуацыю, у якой апынуўся чалавек".

Фота pixabay.com

Для таго каб не марнаваць час у экстранным выпадку, эксперт рэкамендуе загадзя падрыхтаваць "трывожны чамаданчык". Ёсць універсальны спіс, што ў ім павінна быць. Аднак яго варта дапоўніць тым, што можа спатрэбіцца чалавеку праз яго індывідуальныя асаблівасці.

Дакументы і грошы

Важна скласці ўсе дакументы. Іх неабходна пакласці ў воданепранікальныя пакеты, каб яны выпадкова не намоклі. Таксама будзе разумна зрабіць 4-5 камплектаў іх ксеракопій. Да таго ж не лішнім будзе захаваць копіі дакументаў на флэшцы і дзе-небудзь у воблачным сховішчы.

Пакладзіце дастаткова гатоўкі ў мясцовай і замежнай валюце. Здыміце грошы загадзя.

Мапа і важныя кантакты

У заплечніку павінна быць папяровая мапа дарог месца, дзе вы знаходзіцеся. Але ніякіх адзнак на ёй рабіць не трэба. Трэба запісаць кантакты людзей, з якімі можна будзе звязацца ў выпадку чаго. Таксама адрасы неабходных месцаў.

Добра, калі ў вашым заплечніку будуць ляжаць SIM-карткі ўсіх мабільных аператараў той краіны, дзе вы знаходзіцеся, з мінімальнай колькасцю грошай на іх. У выпадку бамбавання могуць спатрэбіцца ўсе варыянты. Пакладзіце дадатковы кнопкавы мабільны тэлефон.

Аптэчка

Калі вы пастаянна прымаеце нейкія лекі, вазьміце іх з запасам на шэсць месяцаў. У аптэчку трэба таксама пакласці абязбольвальныя, антыгістамінныя, гарачкапаніжальныя, антыбіётыкі шырокага спектра, сродкі ад расстройства страўніка і атручэнняў. Туды ж адпраўце перавязачныя матэрыялы, дэзынфікавальныя сродкі, жгут-турнікет, ахоўныя маскі ад COVID-19.

Асабістыя рэчы і сродкі

Вазьміце максімальна зручныя ў карыстанні сродкі гігіены. Напрыклад, сухі шампунь або шампунь і гель для душу "два ў адным". Спатрэбіцца дэзынфікавальны сродак для рук, спартыўны ручнік, які хутка сохне. Калі вы носіце кантактавыя лінзы, пакладзіце іх столькі камплектаў, каб хапіла на шэсць месяцаў. Таксама майце з сабой дзве пары акуляраў.

Складзіце тры пары шкарпэтак, тры камплекты бялізны, тэрмабялізну, флісавую кофту, воданепранікальную куртку, спальны мяшок.

Што яшчэ спатрэбіцца

Сярод іншага добра, калі ў вас будзе радыёпрыёмнік, ліхтарык — налобны і звычайны, запасныя батарэйкі, запалкі ў воданепранікальных пакетах, зарадныя прылады, паўэрбанк, нататнік і аловак.

Ежа і вада

Вазьміце з сабой літр вады, а таксама спецыяльныя таблеткі для яе ачысткі.

Запасіцеся сухім пайком на тры дні. Можна ўзяць турыстычныя або вайсковыя наборы з гатовымі стравамі. Але звярніце ўвагу на спосаб іх гатавання.

Захапіце энергетычныя батончыкі, сухафрукты, арэхі, шакалад.

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.