Вы тут

Купалаўскі тэатр адмяняе ўвесь рэпертуар да канца лістапада

Купалаўскі тэатр у Мінску / svaboda.org

Купалаўскі тэатр адмяняе ўвесь свой рэпертуар да канца лістапада. Не адбудуцца прэм'еры пастановак "En souvenir de Шагал" і "Тутэйшыя". Не пройдуць і юбілейныя вечары, прысвечаныя 100-годдзю тэатра.

"У нас рэпертуар быў закладзены да канца лістапада. Паколькі большая частка артыстаў у нас звольнілася і яшчэ звальняюцца, то гэты рэпертуар мы не можам увасобіць у жыццё. Таму да канца лістапада ў нас адмяняюцца ўсе спектаклі", — тлумачыць прэс-сакратар Купалаўскага тэатра Мікалай Заяц.

"У нас самая галоўная страта — адмена нашага грандыёзнага, я б нават сказаў легендарнага святкавання стагоддзя, якое павінна было прайсці з 14 да 16 верасня. У гэтыя дні павінны былі прайсці святочныя вечары, прымеркаваныя да стагоддзя. Адмененыя ўсе ўрачыстасці, якія планаваліся да гэтай памятнай падзеі".

Не адбудуцца і прэм'еры новых пастановак — пра Шагала і новай пастаноўкі "Тутэйшых":

"У першую чаргу гэта спектакль паводле матываў жыцця Шагала — "En souvenir de Шагал". І значная для нашага тэатра пастаноўка "Тутэйшых", якія ставяцца трэці раз за сто гадоў на сцэне нашага тэатра, — бядуе Мікалай Заяц. — Пастаноўкай займаўся Мікалай Мікалаевіч Пінігін. Але, на жаль, у цяперашні момант гэтым планам не наканавана ўвасобіцца ў жыццё".

Таксама адменены і рэпертуарныя спектаклі.

Цяпер у трупе тэатра засталося 15 чалавек. Сёння стала вядома, што з тэатра звольніліся народныя артысты Беларусі Віктар Манаеў і Аляксандр Падабед, акторы Яўгенія Адаменка, Марта Голубева, Дзіяна Камінская і Мікалай Кучыц.

26 жніўня з Купалаўскага тэатра былі звольненыя 58 чалавек, якія раней напісалі адпаведныя заявы. З іх 36 чалавек — акторы.

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.