Вы тут

Народны артыст Беларусі Віктар Манаеў сышоў з Купалаўскага тэатра

Віктар Манаеў у ролі караля Ліра / kupalauski.by

З Купалаўскага тэатра звольніўся народны артыст Беларусі Віктар Манаеў, піша TUT.by са спасылкай на калег актора і прэс-службу тэатра.

Таксама з тэатра звольніліся народны артыст Беларусі Аляксандр Падабед, акторы Яўгенія Адаменка, Марта Голубева, Дзіяна Камінская і Мікалай Кучыц.

Яны далучыліся да сваіх калег, якія звольніліся з тэатра на знак салідарнасці са звольненым дырэктарам Паўлам Латушкам. Латушка застаўся без працы пасля таго, як адкрыта падтрымаў удзельнікаў мірных пратэстаў. З тэатра разам з ім звольніліся 58 чалавек, у тым ліку ўсе рэжысёры і 36 актораў. 

Цяпер у тэатральнай трупе засталося 15 чалавек.

Віктар Манаеў працаваў у Купалаўскім тэатры з 1980 года. Ён лаўрэат Дзяржпрэмііі СССР (1985), двойчы — Дзяржпрэміі Беларусі (1992, 2013), народны артыст Беларусі (2011). Адной з самых вядомых яго роляў быў Мікіта Зносак у камедыі Янкі Купалы "Тутэйшыя".

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.