Кубракоў: у амапаўцаў траўмы на твары, на галаве і гэтак далей...

Кубракоў: у амапаўцаў траўмы на твары, на галаве і гэтак далей...

Начальнік ГУУС Мінгарвыканкама Іван Кубракоў на YouTUbe-канале МУС Беларусі агучыў пазіцыю свайго ведамства наконт падзей 14 ліпеня ў сталіцы. Увечары ў Мінску і ў шэрагу іншых гарадоў краіны на вуліцы выйшлі тысячы людзей, яны пратэставалі супраць нерэгістрацыі кандыдатамі ў прэзідэнты Віктара Бабарыкі і Валерыя Цапкалы.

У сталіцы гэтых людзей затрымлівалі АМАПаўцы, міліцыянеры ў цывільным і нават байцы ўнутраных войск. Па розных ацэнках, па ўсёй краіне было затрымана ад 250 да 300 чалавек (большасць — у Мінску). Падчас затрыманняў у сталіцы адбыліся некалькі сутычак АМАПаўцаў з грамадзянамі. У МУС заявілі пра 6 пацярпелых байцоў АМАПу, з іх 4 былі шпіталізаваныя. Следчы камітэт распачаў крымінальную справу па факце "арганізацыі і актыўнага ўдзелу ў групавых дзеяннях, якія груба парушаюць грамадскі парадак", якія былі спалучаныя "з відавочным непадпарадкаваннем законным патрабаванням супрацоўнікаў унутраных спраў". Сцвярджаецца, што ўжо ёсць затрыманыя.

Што да гэтага дадаў Кубракоў? Ён сцвярджае, што 14 ліпеня ў некаторых кропках сталіцы на вуліцы выходзілі "арганізаваныя групы", якія заміналі і пешаходам, і нават транспарту. Колькасць удзельнікаў "несанкцыянаванага масавага мерапрыемства" кіраўнік сталічнай міліцыі ацэньвае на 2 тысячы чалавек. Разыходзіцца людзі не хацелі, "выкрыквалі розныя лозунгі, тым самым правакавалі кіроўцаў, якія пачалі сігналіць".

Больш таго, "многія грамадзяне... спрабавалі справакаваць бойку з супрацоўнікамі органаў унутраных спраў". Хаця на шматлікіх відэа відаць, што агрэсія на адрас сілавікоў пачыналася ў адказ на гвалтоўныя затрыманні, якія яны праводзілі. На гэта звярнула ўвагу Amnesty International. Іван Кубракоў жа заявіў, што падчас затрымання "актыўных удзельнікаў... многія з іх аказалі актыўнае непадпарадкаванне". Тым не менш, большасць з іх затрымалі. У дачыненні 115 чалавек склалі адміністрацыйныя пратаколы і іх чакаюць суды. Усе яны — грамадзяне Беларусі ва ўзросце ад 14 да 30 гадоў. Кубракоў прызнае, што затрымлівалі і раварыстаў, якія далучыліся да пратэстаў.

Начальнік ГУУС Мінгарвыканкама сцвярджае, што міліцыянерам "наносілі ўдары", а яны паводзілі сябе "стрымана". Ён згадаў пра крымінальную справу і пацярпелых АМАПаўцаў. "У асноўным шпіталізаваныя тыя, у каго былі траўмы на твары, на галаве і гэтак далей", — кажа Кубракоў. З яго слоў вынікае, што не ўсіх тых, хто аказваў супраціўленне сілавікам, затрымалі. Іх працягваюць шукаць.

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі