Ксенія Маргунская распавяла, чаму ўцякала з тралейбуса праз фортку

Ксенія Маргунская распавяла, чаму ўцякала з тралейбуса праз фортку

Гучная гісторыя пра канфлікт у Мінску кантралёра і пасажыра застаецца ў цэнтры ўвагі СМІ, пра яго распавядала і Еўрарадыё. 32-гадовую безбілетную пасажырку кантралёр заблакаваў у салоне тралейбуса на канечным прыпынку і чакала міліцыю. Аднак жанчына вылезла з салона праз фортку, толькі сумку не змагла забраць. Усё гэта здымала на відэа кіроўца тралейбуса Святлана М. За некалькі дзён відэаролік набраў на YouTube больш за 400 тысяч праглядаў.

Ці пакараюць кіроўцу тралейбуса за ўцёкі пасажыра праз фортку?

Было вядома, што ўдзельнікі канфлікту напісалі ў міліцыі адно на аднаго сустрэчныя заявы. Праводзіцца праверка. Увечары 11 снежня на тэлеканале СТБ з'явіўся сюжэт пра гэтае здарэнне, у ім былі названыя імя і прозвішча пасажыркі: Ксенія Маргунская. Пра яе сказалі, што яна "амаль дасканала ведае англійскую, ніштавата размаўляе на іспанскай і выдатна гаворыць на рускай". Аднак дамовіцца з кантралёрамі не змагла. Высветлілася, што яна — інструктар па фітнэсу, выкладчык і ў той дзень спазнялася на працу. А праз акно вырашыла выйсці "з прынцыпу".

"Я прапаноўвала пашпарт, прапаноўвала афіцыйна аформіць мне штраф", — кажа Маргунская.

Для складання пратаколу кантралёры папрасілі дзяўчыну выйсці на вуліцу. Але размовы не атрымалася і яны заехалі на канечны прыпынак.

"Калі я стала прасоўвацца да выхаду, кантралёр стаў мяне штурхаць, у выніку чаго я ўпала на сядзенне. Я атрымала два ўдары ў плечавы сустаў. Калі я спрабавала адкрыць фортку, кантралёр стаў біць мяне па руках, не даючы мне гэта зрабіць", — сцвярджае пасажырка ў інтэрв'ю тэлеканалу.

У кантралёра СТБ каментар не змог узяць, паколькі ў яе быў выхадны дзень. Начальнік кантрольна-рэвізійнай службы "Мінсктранса" Юрый Давідовіч адзначыў, што кантралёр спрабаваў не сумку пасажыркі затрымаць, а саму жанчыну, "каб яна не вывалілася".

Прэс-афіцэр Партызанскага РУУС Наталля Ганусевіч паведаміла, што матэрыялы праверкі знаходзяцца ва ўчастковага міліцыянера. Усім траім удзельнікам інцыдэнта дадуць афіцыйны адказ да 16 снежня.

На відэа СТБ гэты сюжэт гл. ад 13.30.

Відэа: ctv.by

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі