“Крызісныя меню” ў мінскіх кавярнях

У крызіс наведвальнікі бюджэтных кавярняў пачалі эканоміць, а вось кліенты дарагіх рэстаранаў слова “эканомія” не ведаюць. Не шкадуюць грошы беларусы і на алкаголь
Еўрарадыё запыталася ў розных кавярнях Мінска, як крызіс паўплываў на густы мінчукоў.

У кавярні "Абрыкос" значна знізіўся сярэдні чэк, хаця і раней ён быў зусім не вялікі. Але людзі пачалі эканоміць.

"Абрыкос": "Вельмі сур'ёзна. Калі раней сярэдні чэк складаў 25 тысяч, то зараз гэта 19 тысяч. Людзі сабе пачалі ў чымсьці адмаўляць. Эканомяць на ежы, на дэсертах і проста выбіраюць тое, што патанней".

Раней наведвальнікі маглі дазволіць сабе піць віскі, марціні — а цяпер п’юць шампанскае і беларускую гарэлку. А таксама эканомяць на банкетах.

"Абрыкос": "Правядзенне банкетаў і вялікіх дзён нараджэння — гэта вельмі адчуваецца. Калі раней пастаянна святкавалі з вялікай колькасцю чалавек, то цяпер рэдка робяць замовы, і кампаніі маленькія".

У рэстаране “Габрава” кліентаў менш не стала, але яны сталі замаўляць таннейшыя гатункі:

"Мяса больш таннае замаўляюць, свініну, курыцу. Алкаголь п’юць патанней. На банкетах таксама адбілася: іх меней стала. Зразумела, эканомяць людзі".

Высветлілася, што беларусы не эканомяць на алкаголі ў кавярнях. Вось што распавялі Еўрарадыё ў “Ракаўскім бровары”:

"Вось на чым-на чым, а на алкаголі не эканомяць. Яны лепш закусіць менш возьмуць, але вып’юць колькі трэба".

І ў кавярні "Камяніца" таксама пачалі замаўляць больш танную гарэлку:

"У асноўным пачалі піць беларускае. Банкетаў стала менш. Людзей на выходных стала меней".

Сярэдні чэк кавярні "У Янкі" каля 30 тысяч за кухню на чалавека плюс бар. Там таксама кліенты пачалі эканоміць, але ізноў не на алкагольных напоях.

"У Янкі": "Назіраецца і вельмі значна адчуваецца. А вось на алкаголі людзі не эканомяць. На вялікія кампаніі замоваў менш не стала, проста меншая сума на чалавека: калі раней на чалавека было 100 тысяч, то цяпер стала ніжэй".

Выпіваюць, як выпівалі, і ў "Аптэцы", нягледзячы на сярэдні чэк у 90 тысяч:

"Людзі абедаюць і вячэраюць. У нас бар у асноўным ідзе. І на алкаголі не эканомяць: як выпівалі — так і выпіваюць".

Рэстаран "Ракаўскі бровар" лічыцца адным з самых дарагіх у Мінску. Сярэдні чэк на чалавека каля 100 тысяч. 

"Ёсць кліенты, якія замаўляюць піва і рульку. За 4 келіхі піва на дваіх 120 тысяч выходзіць разам з рулькай. Калі бяруць дадаткова салаты ці нарэзачку, то 180 атрымоўваецца", — распавялі ў рэстаране.

Як даведалася Еўрарадыё, тамтэйшым кліентам слова "эканомія" незнаёмае.

Рэстаран "Ракаўскі бровар": "У нас проста стала менш наведвальнікаў. Нашыя сталыя наведвальнікі як замаўлялі, так і замаўляюць. Рэч у тым, што да нас прыходзяць людзі забяспечаныя, вышэй за сярэдні клас. У іх даход захаваўся".

Адсеяліся толькі людзі сярэдняга класа і ніжэй, даход якіх знізіўся, часам прыходзяць студэнты проста папіць піва.

"Што такое крызіс?" — спытаў вядомы герой анекдотаў у таты.

"Крызіс — гэта для алігархаў, Вовачка, а для нас ..." (канец анекдота выразаў рэдактар).



На фота кадр з фільма "Самый лучший фильм 2": mirsovetov.ru

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі