Вы тут

Крэдыторская запазычанасць беларускіх прадпрыемстваў пабіла гістарычны рэкорд

Самая высокая крэдыторская запазычанасць у прадпрыемстваў Мінска / pixabay.com, фота носіць ілюстрацыйны характар​

Крэдыторская запазычанасць буйных і сярэдніх прадпрыемстваў Беларусі да 1 кастрычніка перавысіла 67,9 мільярдаў рублёў. Гэта гістарычны рэкорд, максімальны паказчык запазычанасці за перыяд вымярэнняў па прынятай у краіне методыцы, адзначае рэсурс banki24.by.

Рэсурс нагадвае, што крэдыторская запазычанасць — гэта абавязанні кампаній перад партнёрамі за пастаўленую прадукцыю, аказаныя паслугі і выкананыя работы. У гэтую суму таксама ўваходзяіць даўгі адміністрацыі прадпрыемства па зарплаце і па плацяжах у бюджэт.

За 9 месяцаў памер крэдыторскай запазычанасці вырас на 10,4%. Гэта амаль столькі ж, колькі за ўвесь 2019. Тады рост запазычанасці склаў 10,8% , у 2018-м гэты паказчык склаў 8,1%.

Больш за ўсё завінаваціліся крэдыторам прадпрыемствы Мінска — 22,3 мільярда рублёў. А хутчэй за ўсё даўгі нарошчвалі ў Гродзенскай вобласці, тут крэдыторская запазычанасць за 9 месяцаў павялічылася на 60,8% да 8,1 мільярда рублёў.

Сярод галін эканомікі самую буйную крэдыторку паказала прамысловасць — 28 млрд рублёў, плюс 16,1% да пачатку года. І гэта таксама рэкорд. "Лідарам" сярод прамысловых прадпрыемстваў па аб'ёме крэдыторкі сталі прадпрыемствы апрацоўчай галіны. На іх долю прыпадае больш за 22 мільярды рублёў даўгоў (з агульных 28 мільярдаў).

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.