Кранаўшчыку 5-га разраду прапанавалі стаць дарожным рабочым ці звольніцца

Пры гэтым, іншыя кранаўшчыкі "Будтрэста №8" месцы захавалі. Алесь Сахарук, які таксама з'яўляецца сябрам прафсаюза "Радыёэлектроннай прамысловасці", як працаўнік, адзначаны вельмі станоўча. Пра гэта сведчыць працоўная характарыстыка з апошняга месца працы: "Свае працоўныя абавязкі выконвае ў поўным памеры і своечасова. Праяўляе ініцыятыву, імкнецца да высокай якасці выконваемай працы".

Са словаў прававога інспектара прафсаюза РЭП Уладзіміра Малея, сапраўдныя прычыны звальнення Сахарука можна знайсці у тым жа дакуменце. У ім удакладняецца высокі юрыдычны ўзровень працоўнага: "Здольны аналізаваць узнікаючыя новыя сітуацыі, ажно да звароту ў пракуратуру".

"Звяртаўся ў пракуратуру на дзеянні кіраўніка філіяла, які не адказаў на яго зварот. У выніку, кіраўнік філіяла быў прыцягнуты да адміністрацыйнай адказнасці ў выглядзе штрафу за парушэнне закона аб звароце грамадзян. Вось негатыўнае стаўленне і жаданне адпомсціць і вылілася ў звальненне".

Аляксандру Сахаруку ў сувязі са сканчэннем тэрміну кантракту і рэструктурызацыяй прадпрыемства прапанавалі перайсці на іншую пасаду. Пасля працэдуры звальнення без выходнай дапамогі яго возьмуць назад, але звычайным работнікам без кваліфікацыі.

Прапанову прадпрыемства Уладзімір Малей называе цынічнай і зняважлівай:

"З вуснай размовы атрымліваецца наступнае: Сахаруку сказалі, што так, мы будзем хадайнічаць, каб вас працаўладкаваць у той арганізацыі, да якой далучыўся УМ № 127 ("Упраўленне механізацыі" — Еўрарадыё). Аднак дырэктар вас прыме дарожным рабочым!" То бок, як лётчыка перавядуць у памежнікі. Вядома, што ён не пагодзіцца. Усё зроблена для таго, каб ён адмовіўся ад гэтага пераводу".

Па словах прававога інспектара, справа Сахарука — чарговы прыклад таго, што кантрактная сістэма дазваляе працадаўцам у пэўны момант "развітвацца" з нязручнымі для прадпрыемства работнікамі. Цяпер кіраўніцтва абласной арганізацыі прафсаюза РЭП дамагаецца сустрэчы з генеральным кіраўніком "Будтрэста №8", каб вырашыць лёс работніка. Аднак усе заявы прафсаюзных актывістаў перанакіроўваюцца ў ніжэйшую інстанцыю — філіял, кіраўніцтва якога непасрэдна і звольніла Алеся Сахарука.

Рубрыка “Самаабарона” спецыяльна для праграмы Кардыяграма

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі