Краіны ЕС дададуць да валавага прадукта паслугі прастытутак і наркатрафік

Еўрапейскі парламент і Савет Еўропы загадалі краінам Еўрасаюза пры вызначэнні валавага ўнутранага прадукта браць пад увагу грошы, заробленыя прастытуткамі, прадаўцамі наркотыкаў і кантрабандыстамі. У суседняй Польшчы ўжо пачалі задумвацца, як на справе будзе выглядаць разлік ВУП паводле “новых правілаў”.

“Шчыра кажучы, валавы прадукт павінен вымяраць карысныя рэчы, а тут я б меў сур’ёзныя супярэчнасці”, — пракаментаваў новую пастанову міністр фінансаў Польшчы Яцэк Растоўскі, якога б, здавалася, дадатковыя грошы мусяць узрадаваць.

Не разумее новую ініцыятыву і былы еўрадэпутат, а цяпер дэпутат польскага Сейма Збігнеў Кузьмюк: “Насамрэч я здзіўлены, што Еўрапарламент прыняў такое рашэнне большасцю галасоў. Я лічу, што гэта нейкае гіганцкае непаразуменне”.

Акрамя паслуг прастытутак, валавы ўнутраны прадукт мусіць браць пад увагу продаж наркотыкаў і кантрабанду. І калі дзве апошнія з’явы неяк можна падлічыць з дапамогай паліцэйскай статыстыкі, то з прастытуткамі ўсё складаней.

“Прастытуцыя не з’яўляецца забароненай ў Польшчы. Таму паліцыя не ацэньвае яе маштабу. Не спрабуем таксама вызначыць узровень цэн за паслугі прастытутак”, — кажа Гражына Пухалска з Галоўнага ўпраўлення паліцыі.

Тым часам аналітык Цэнтра Адама Сміта Анджэй Садоўскі лічыць, што жаданне Еўрапарламента падлічыць прыбыткі ад прастытутак і продажу наркотыкаў выклікана спробай Еўропы “павысіць статус”:

“Гэта адчайная спроба паляпшэння эканамічнага статусу Еўропы, які на фоне іншых кантынентаў пачынае ўсё больш падаць, нават на фоне Афрыкі”.

Іншыя ж эксперты сцвярджаюць, што прастытуцыя і гандаль наркотыкамі ўжо і так падлічаныя ў ВУП. Бо грошы, якія зарабляюцца ў гэтым бізнесе, — хай сабе і невядомыя, але пасля яны трацяцца на звычайныя тавары і падлягаюць падаткаабкладанню.

У сваю чаргу супрацоўнікі Цэнтральнага статыстычнага ўпраўлення Польшчы сутыкнуліся з выклікам. Зараз яны мусяць выпрацаваць методыку, згодна з якой будуць вылічаць колькасць прастытутак, сярэднюю колькасць, а таксама кошт аказаных імі паслуг. Прычым разлікі трэба падаць у Брусэль да верасня 2014 года.

Фота: dailyrecord.co.uk