Кожны шосты беларус будзе галадаць

У аўторак 3 чэрвеня ў Рыме адкрыўся саміт ААН па праблеме імклівага росту сусветных коштаў на ежу. Ствараецца ўражанне, што гэты імклівы рост заспеў знянацку сусветных экспертаў, урады і ААН. Ежы ў свеце не хапае для кожнага шостага. У тым ліку для кожнага шостага беларуса. Вінавацяць ва ўсім кампаніі, якія вырабляюць паліва для машын з кукурузы. ***
Кошты на ежу сягнулі самага высокага ўзроўню за апошнія 30 год. У многіх краінах свету прайшлі галодныя хваляванні. Арганізатар канфэрэнцыі ў Італіі – Харчовая і сельскагаспадарчая арганізацыі ААН указвае, што індустрыяльныя краіны павінныя пашырыць вытворчасць сельгаспрадуктаў, прыбраць гандлёвыя бар’еры і павялічыць дапамогу найбольш бедным краінам свету. Інакш можа здарыцца глабальная катастрофа. З іншага боку, што нам глабальная катастрофа? Кіраўнік Беларусі Аляксандар Лукашэнка заявіў, выступаючы перад ПП НС, што аграрная Беларусь можа яшчэ і выйграць, даражэй прадаючы харчаванне.

Аднак Віктар Радзівіноўскі, кіраўнік Дэпартаменту інфармавання грамадскасці прадстаўніцтва ААН, кажа, што глабальны голад, на жаль, даткнецца і беларусаў – якраз тых, найбяднейшых.

Еўрарадыё: Ці тычыцца нас гэты крызыс? Жорстка кажучы, можа будзе галадаць Афрыка, а нас “пранясе”?

В.Радзівіноўскі: Не, не, не! Гэты крызыс датычыць 854 млн чалавек., з іх 820 жывуць у краінах стадыі развіцця, а 25 млн – у краінах СНД з пераходнай эканомікай. І яшчэ 9 млн чалавек з развітых краін.

Еўрарадыё: Мы чытаем, што брытанцы штогод выкідваюць 70 тыс. тон прадуктаў на сметнікі, бо не могуць даесці. Ці нельга нейкім механізмам ААН перакінуць тую ежу ў Гану, дзе людзі гліну ядуць?

В.Радзівіноўскі: Аднаго механізму няма, падыход павінны быць комплексны, вось чаму і патрэбны гэты саміт у Рыме – неабходныя рашэнні.

Еўрарадыё: “А што з’яўляецца галоўнай перашкодай на шляху да усеагульнай сытасці – людская сквапнасць, глабальныя змены клімату, гандлёвыя бар’еры?”

В.Радзівіноўскі: Гэта комплексная справа. Тут і глабальная спекулятыўная праца розных чыноўнікаў, і пацяпленне клімату, і этанол, які вырабляюць з прадуктаў.

На такіх пасяджэннях, як саміт ААН, сусветныя лідэры выбіраюць шляхі вырашэння праблем ды і проста скідваюцца, каб накарміць найбяднейшых. Гэтак, Сусветны Банк выдаткаваў 1,5 млрд долараў.

Наймацней крызіс ударыў па самых бедных краінах свету. Кошт імпарту харчавання для іх сёлета вырас на 40%. Колькасць галадаючых у свеце вырасла на 100 млн. чалавек. Сусветны банк прагназуе, што крызіс працягнецца да 2015 году, бо кошты на зерне, кукурузу і рыс будуць расці якраз да гэтага моманту.Справа ў тым, што з кукурузы пачалі рабіць этанол – паліва для машын. Сп. Радзівіноўскі кажа, што лепей бы яго рабіць з бульбянога шалупіння. Цяпер жа часта атрымоўваецца, што мы кормім машыны, а людзі канаюць з голаду.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі