Кошты ў Італіі шакіруюць нават мільянераў: эспрэса ў кавярні — 25 еўра

Выданне The Local распавядае гісторыю, у якую трапіў на італьянскім курорце Порта-Чэрва мільянер Флавіа Брыаторы. Ён заплаціў у рэстаране Phi Beach 80 еўра за чатыры фруктовыя сокі.

 

“Тыя, хто прызначаюць такія цэны, мусяць быць аштрафаваныя, гэта ганьба”, — напісаў вядомы менеджар Формулы-1 у твітары. І скарыстаўся нагодай, каб пакпіць канкурэнтаў, адзначыўшы, што ў яго эксклюзіўным “Мільярдэр клубе” такі сок каштуе не 20 еўра, а 15.

 

Вядома, што для Брыаторы пытанне не ў пяці еўра. Толькі скардзіцца на кошты не ён адзін. Напрыклад, іншы аматар адпачыць на Сардыніі запосціў у Фэйсбук фотаздымак рахунка на 120 еўра, у якім былі і два куфлі віна па 20 еўра.

 

Уладальнікі Phi Beach шчыра не разумеюць, што не так:

 

“Мы здзіўленыя, чаму рахунак у 120 еўра за шэсць напояў, якія падаюцца ў зале, што прымае пяць тысяч гасцей у дзень у жніўні, выклікаў такі ажыятаж. Уваход у нас цалкам бясплатны, а напоі дадатковыя… Наведвальнікі могуць адпачыць, выбраўшы напой з меню і самаадданы сервіс, альбо іншы зал, без абслугоўвання, але з таннейшымі коштамі”.

 

Паказальна, што гэта ўжо не першае месца і не першы выпадак сёлета, калі італьянскія кавярні і рэстараны “абдзіраюць” турыстаў і тых, хто адпачывае.

 

Усё пачалося ў траўні, калі брытанскія турысты заплацілі за чатыры марожаных у Рыме 64 еўра (16 еўра за адну порцыю), а пасля паскардзіліся адной з газет. На пытанне журналістаў менеджары бара Antica Roma разводзілі рукамі, маўляў “а што такога?”:

 

“Ніхто не прымушаў іх замаўляць вялікае марожанае. Мы прапануем і маленькае, якое каштуе 2,5 еўра. Але калі вы хочаце вялікае марожанае, то і цана адпаведная”.

 

Што цікава, вялікія рахункі выстаўляюць не толькі прыезджым, але і сваім, мясцовым. З апошняга: група італьянскіх турыстаў заплаціла крыху больш за 100 еўра за чатыры эспрэса з лікёрам у Венецыі. Не пацікавіліся коштам перад тым, як замовіць, а ім узялі і далічылі 42 еўра за жывую музыку ў рэстаране.

 

Тым часам непрыемнасці чакаюць турыстаў у Італіі не толькі ў кавярнях, але і проста на вуліцах. Брытанская амбасада папярэдзіла суайчыннікаў аб злачыннасці і крадзяжах на вуліцах Рыма. Брытанцам параілі пакідаць каштоўныя рэчы ў гатэлі і быць пільнымі ў грамадскім транспарце. Але новаабраны мэр Рыма Ігнацыа Марына катэгарычна не згодны з такой інфармацыяй. Як і рэстаратары з уладальнікамі кавярняў ён кажа, што ўсё нармальна. І вінаваціць Вялікабрытанію ў распаўсюджванні панікёрства.

Фота: ricksteves.com

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі