Кошты на электраэнергію і цяпло растуць чацвёрты раз за паўгода!

Амаль тры месяцы мінулі, як Лукашэнка казаў, што не ведае, як налічваюцца тарыфы на святло, можа насельніцтва нават пакрывае 60% выдаткаў. А кошты на святло зноў падымаюцца! У даведцы “Энергазбыту” чамусьці мне гэтыя лічбы назваць не могуць!

“За жнівень вы заплаціце паводле тарыфаў, што дзейнічаюць ад 1 чэрвеня. А новыя тарыфы мы пакуль не можам вам назваць — нам інфармацыя не паступала”, — нечакана кажуць у “Энергазбыце”.

Вось яна — пастанова Саўміна аб падвышэнні коштаў на электраэнергію з 1 жніўня. Жыхары кватэр з газавымі плітамі будуць плаціць 504 рублі за кілават, а з электрычнымі — 428 рублёў за кілават. Гэта на 50% болей у параўнанні з коштамі студзеня. Цікава яшчэ, што тарыф, які забяспечвае пакрыццё эканамічна абгрунтаваных выдаткаў за гэтыя паўгода, ніяк не вырас — як быў 841 рубель, так і застаецца!

Тым часам Еўрарадыё пацікавілася, ці ўкладваюцца ў сацыяльную норму на электрычнасць па 150 і 250 кілават на кватэру мінчукі.

“З большага плацяць па нормах, але хто ведае. Але я асабіста не ўкладваюся! У мяне шэсць дарослых людзей у кватэры. І я ўвогуле не разумею, чаму тарыф уводзіўся ў залежнасці ад пліты, а не ад прапісаных людзей, як гэта зрабілі па вадзе!” — нечакана выдае набалелае аператар паштовага аддзялення Мінска № 26 Жанна.

Яшчэ некалькі паштовых аддзяленняў сталіцы — у нормы ўпісваюцца зрэдку.

“Нормы для бабулек і для адзінокіх людзей! Катэджныя пасёлкі не ўпісваюцца”, — кажа супрацоўніца разліковага цэнтра па Кастрычніцкім раёне Мінскэнерга. Супрацоўніца дадае, што ў катэджных пасёлках сацыяльную норму перабіраюць нават у некалькі разоў!

“У нас пасёлак “Сокал”, там людзі і па 1,5-2 тысячы кілават плацяць, добрыя катэджы. За 1,5 тысячы кілават плацяць прыкладна… 1,2 мільёна”, — з ходу падлічвае супрацоўніца.

Гэтак жа і ў Першамайскім і Маскоўскіх раёнах сталіцы — у сацыяльныя нормы ўпісваюцца толькі адзінокія людзі.

“Але калі стаіць добрая электратэхніка, калі сям’я маладая — не ўпісваюцца! Мо яшчэ з электрычнымі плітамі, але з газавымі ніяк!” — выказваюць асабістыя назіранні ў Першамайскім раёне і дадаюць, што афіцыйныя каментары могуць быць і іншымі.

“За сакавік, красавік тарыфаў прытрымліваецца каля 82,6% насельніцтва. З іх 85,4% жывуць у кватэрах з электраплітамі, 77,4% — з газавымі плітамі”, — называюць Еўрарадыё афіцыйную статыстыку за сакавік-красавік у Белэнерга.

Еўрарадыё: А вось у разліковых цэнтрах кажуць па-іншаму…

Белэнерга: “У нас дадзеныя па ўсёй Беларусі і мы не бачым, ці гэта сям’я, ці адзінокія людзі. У нас ёсць абанент. І ў нас такія звесткі”.

Гляджу, што ад 1 жніўня, насельніцтва будзе пакрываць каля 60% выдаткаў на электраэнергію. Усе як падлічыў прэзідэнт.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі